Старшыню Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімера Базанава ўвечары 11 жніўня заўважылі ў пункце пропуску «Варшаўскі мост» у Берасьці. Відавочцы паведамілі, што чыноўніка не пусьцілі ў ЭЗ, сьцьвярджае выданьне Tribuna.com.
Відавочцы паведамілі, што чыноўніка не пусьцілі ў Эўразьвяз. Паводле інфармацыі выданьня, Базанаў мусіў вярнуцца назад.
У лістападзе 2021 году Ўладзімера Базанава з жонкай затрымалі ў Чэхіі, куды яны прыехалі на матч жаночай зборнай. За парушэньне супрацьэпідэмічных мераў Базанава з жонкай выслалі з Чэхіі і анулявалі іхныя шэнгенскія візы, выдадзеныя іншай краінай — Вугоршчынай.
Уладзімер Базанаў кіруе Беларускай фэдэрацыяй футболу з 2019 году. Ён былы вайсковец, артылерыст. Нарадзіўся на тэрыторыі Расеі, даслужыўся да званьня палкоўніка. Быў камандзірам артылерыйскага палку, ракетнай брыгады, вайсковым камісарам Берасьцейскай вобласьці. Чалец Палаты прадстаўнікоў, узначальвае там камісію нацыянальнай бясьпекі. 28 жніўня 2020 году Базанаў быў на «праўладным мітынгу спартоўцаў», у сьнежні 2020 году падпісаў ліст «праўладных спартоўцаў» у падтрымку Лукашэнкі.
У лістападзе 2020 году краіны Балтыі ўключылі Базанава ў санкцыйны сьпіс чыноўнікаў, якіх лічаць адказнымі за фальсыфікацыю выбараў 2020 году і задушэньне пасьлявыбарчых пратэстаў у Беларусі.