Руслан Паддубскі некалі ўзначальваў усё інфармацыйнае вяшчаньне АНТ, пасьля чаго стаў шэфам эўрапейскага офіса канала, піша «Наша Ніва».
Апошні час ён ня жыў у Беларусі, а працаваў з адной з эўрапейскіх краін, дзе вучацца ягоныя дзеці.
Апошні сюжэт зь ягоным удзелам на АНТ — 25 лютага. Ён расказваў пра рэакцыю эўрапейскіх палітыкаў на вайну, а таксама цытаваў маргінальных заходніх дзеячоў, якія праводзілі лінію «нам трэба зразумець і прыняць патрабаваньні Расеі».
Як паведамляе «Наша Ніва», Паддубскі звольніўся з канала, ня стаў вяртацца ў Беларусь і застаўся жыць у адной з краінаў ЭЗ. Камэнтаваць сваё рашэньне Паддубскі адмовіўся.
Натальля Стэльмах — адна з зорак лукашэнкаўскага пулу. На канале яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах лукашэнкаўскай намэнклятуры. Яна спрабавала рамантызаваць гэтых людзей у сваёй праграме «Двое из Дворца», казала Лукашэнку, што «грамадзтва чакае, калі вы ўжо прызнаеце Крым?» — нагадвае «Наша Ніва».
Яна рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020 і нядаўняга рэфэрэндуму. Але пасьля 9 сакавіка яе сюжэты на АНТ не выходзілі. Разам са сваім партнэрам яна пакінула Беларусь і перабралася ў Мэксыку.