На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), культуроляг Вадзім Мажэйка і гісторык Аляксандар Пашкевіч.
Што адбылося ў Вільні
У канцы другога дня форуму Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні аб’яднанага пераходнага Кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусі, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць захады для спыненьня незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
Гэтага патрабавалі ад яе многія іншыя апазыцыйныя фігуры.
Першыя ключавыя прадстаўнікі Кабінэту прызначаныя цяпер тэрмінам на 6 месяцаў, для наступнага ўзгадненьня іх будучым прадстаўнічым органам. У складзе Кабінэту будуць працаваць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту ў транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — у аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — у замежных справах;
- Валер Сахашчык — прадстаўнік Кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы.
«Цяпер гэта наша агульная каманда. У выпадку маёй адсутнасьці маімі намесьнікамі будуць Павал Латушка і Валер Кавалеўскі», — заявіла Ціханоўская.
Ці паспрыяла канфэрэнцыя вырашэньню крызісу ў пратэставай частцы беларускага грамадзтва?
Аляксандар Пашкевіч
- У тых колах, якія атрымалі месцы ў пераходным кабінэце, на пэўны час звадаў і канфліктаў будзе менш. Але асноўны хэйт апошнім часам несла групоўка, увасобленая ў Валеру Цапкалу і Вользе Карач. Яны праводзілі свае форумы і закідалі Сьвятлане Ціханоўскай розныя абвінавачаньні.
- Іхная групоўка ў кабінэце месцаў не атрымала, напэўна, ня надта да гэтага і імкнулася. Таму мяркую, што звадаў і скандалаў менш ня стане.
- Але задаволеныя амбіцыі Паўла Латушкі, прынамсі, на пэўны час. Ён цяжкавагавік у апазыцыйнай супольнасьці. Атрымалі сваё людзі, якія займаюцца сілавікамі і сілавымі пытаньнямі. Прынамсі, менш будзе нараканьняў на Ціханоўскую, што яна не займаецца сілавым блёкам.
Вадзім Мажэйка
- Ва ўсіх сварках і хэйтах ёсьць дзьве хвалі. Ёсьць хэйтэры, якія заўсёды зьбіраюцца вакол пасьпяховага праекту, ня маючы ніякіх уласных рэсурсаў — ні рэпутацыйных, ні кадравых, ні фінансавых. Або маюць іх значна менш, чым амбіцыяў. І такія людзі заўсёды будуць мітусіцца і крытыкаваць. Іх мэты недасягальныя ў прынцыпе. І яны найбольш гучныя і заўважныя.
- Але за 2 гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў назапасілася і іншай крытыкі ад тых людзей, якія хацелі ад офісу Ціханоўскай большай інклюзіўнасьці і празрыстасьці.
- Офіс Ціханоўскай — гэта правобраз яе адміністрацыі. А тут створаная структура, у якой прадстаўленыя палітыкі з розных плыняў.
- Ціханоўская і яе офіс пачулі крытыку наконт недахопу празрыстасьці ды інклюзіўнасьці і адрэагавалі на яе. Склад кабінэту стаў да пэўнай ступені кампрамісам.
- Мяркую, што пэўная частка сварак супакоіцца.
Чым будзе займацца кабінэт, які ня ёсьць урадам у выгнаньні?
Мажэйка
- Вельмі лёгка назваць сябе ўрадам у выгнаньні. Пройдзе пару месяцаў, ніхто яго не прызнае, ня дасьць яму паўнамоцтваў, і атрымаецца пшык. І будзе вельмі няёмка. І таму ня дзіўна, што гэтага не адбылося. І Ціханоўская не называе сябе прэзыдэнткай, і кабінэт не назвалі ўрадам. Пры размовах пра ўрад у выгнаньні многія прыгадваюць Раду БНР, якая таксама ёсьць урадам у выгнаньні. А калі б быў створаны яшчэ адзін, то пытаньне, ці прызнала б яго хаця б існая Рада БНР.
- Крытыкі ідэі ўраду ў выгнаньні задавалі пытаньні — што вы зможаце рабіць пры наяўнасьці такога ўраду, чаго ня можаце рабіць пры яго адсутнасьці?
- У кабінэт уключылі людзей, схільных і здольных нешта рабіць. Латушка — самы топавы чыноўнік, які пайшоў з сыстэмы. Ёсьць спадзяваньні, што ён будзе займацца камунікацыяй з чыноўнікамі. ByPol займаўся плянам «Перамога», здабываў выцекі аўдыёгутарак сілавікоў, рабіў дасьледаваньні. І яны не чакалі, каб Ціханоўская ім дала дазвол.
- Магчыма, Сахашчык зможа кансалідаваць сілавы кампанэнт.
Якім будзе «рэха» ў Беларусі ад стварэньня кабінэту?
Пашкевіч
- Я схільны пагадзіцца з Шрайбманам, што вялікага значэньня стварэньне кабінэту мець ня будзе. Магчымасьці палітыкаў у эміграцыі аб’ектыўна абмежаваныя. «Чароўнай палачкі», на жаль, у іх няма. Дзеяньні, якія мог рабіць офіс Ціханоўскай, а цяпер будзе рабіць кабінэт, — гэта найперш дзеяньні па-за межамі Беларусі.
- Калі Сахашчык будзе займацца стварэньнем узброеных сілаў, гэта будзе рабіцца за межамі Беларусі, хутчэй за ўсё, ва Ўкраіне. Тое, што Азараў заняў пасаду ў кабінэце, наўрад ці паўплывае на паводзіны людзей у Беларусі.
- Днямі зьявіліся аналітычныя матэрыялы Андрэя Дынько і Аляксандра Класкоўскага, у якіх канстатавалася, што тыя, хто можа нешта рабіць, гэта і рабілі.
- Адной з галоўных прычын Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі ў 1917 годзе была вайна, у якую Расея ўлезла. Цяпер каля межаў Беларусі адбываецца маштабны рэгіянальны канфлікт, які можа перарасьці ў сусьветны.
- Шмат што залежыць не ад дзеяньняў беларускіх палітыкаў, а ад міжнароднай ваенна-палітычнай сытуацыі. На пачатку году яна была адна, пасьля 24 лютага — іншая, увосень сытуацыя можа зноў істотна зьмяніцца. Гэта ўплывае і на ўнутрыпалітычную сытуацыю.
Ці зрабіла віленская канфэрэнцыя стаўку на нямірныя шляхі барацьбы?
Мажэйка
У 2020 годзе пратэст быў мірны не таму, што беларусы натхняліся мэтадычкамі Шарпа, а таму, што да гэтага тады было гатовае грамадзтва. Да таго ж сапраўды некаторыя здымалі абутак, калі ставалі на лавачкі. Але было і такое, што міліцыю камянямі закідвалі. 12–13 жніўня былі жаночыя акцыі, але ўвечары ў гэтыя ж дні каля «Рыгі» ў Менску былі сапраўдныя вулічныя баі.
Цяпер грамадзкая дыскусія мілітарызуецца, гэта і ня дзіўна падчас вайны.
Гэта штучная дылема — пратэст мірны альбо нямірны. Неабавязкова, каб усе пратэставалі аднолькава. Ёсьць людзі, якія ніколі ня будуць ужываць гвалт. Але гэта не выключае, што пратэст можа мець і іншы складнік. Мяркую, што і наступны пратэст у Беларусі будзе збольшага мірны, але гэта не выключае і нямірных элемэнтаў, да якіх будуць падрыхтаваныя людзі, скажам, тыя, якія ўдзельнічаюць у пляне «Перамога».