Пагаварылі з Аксанай Колб, чаму яна адважылася на такі крок.
У 2021 годзе да галоўнай рэдактаркі «Новага часу» некалькі разоў і дадому, і ў офіс прыходзілі супрацоўнікі КДБ і СК. Нягледзячы на трывожныя сыгналы, затрыманьні дзясяткаў калег-журналістаў, Аксана прынцыпова нікуды не зьбіралася зьяжджаць.
20 красавіка 2022 году яе затрымалі і зьмясьцілі спачатку ў ІЧУ на завулку Акрэсьціна, а праз 3 дні — у СІЗА, на «Валадарку», выставіўшы «народны» 342-і артыкул Крымінальнага кодэксу — удзел у масавых беспарадках.
У сацыяльных сетках і ў тэлефоне Аксаны Колб знайшлі адну фатаграфію, дзе яна ўдзельнічае у маршы 16 жніўня 2020 году.
Судзьдзя Цэнтральнага суду сталіцы Дзьмітры Карсюк прысудзіў Аксане 2,5 гады «хіміі» (жаргоннае слова, азначае прымусовую працу і зьмяшчэньне ва «ўстанову адкрытага тыпу»), якую журналістка мерылася адбыць. І тут такое нечаканае рашэньне — пакінуць краіну і пабудаваны ўласнымі рукамі «дом мары», у які сям’я засялілася толькі гэтай вясной.
13 «сутак» за перапост песьні «Краіна ў сьлязах»
— Аксана, Вы выказвалі непахісную пазыцыю — прынцыпова нікуды не зьязджаць, нават калі амаль усе калегі-журналісты альбо зьехалі, альбо апынуліся за кратамі. А 8 жніўня Вы напісалі ў фэйсбуку, што пакінулі Беларусь, уразіўшы калег і сяброў. Што стала апошняй кропляй? Вы ж гаварылі пра цікавы досьвед знаходжаньня і на Акрэсьціна, і на «Валадарцы», і былі гатовыя паехаць нават на фэрму даіць кароў.
— Апошняй кропляй стала тое, што мне не далі магчымасьці спакойна сабрацца на «хімію», якую я сапраўды зьбіралася адбываць — як жартавалі сябры, «каровам хвасты круціць».
22 ліпеня судзьдзя Юлія Блізьнюк з Фрунзэнскага суду прысудзіла мне 13 дзён арышту па адміністрацыйным артыкуле 19.11 за тое, што ў траўні 2021 году я перапосьціла зь ютуб-каналу «Белсат» песьню «Краіна ў сьлязах». І да лютага 2022 году песьня заставалася ў мяне ў фэйсбуку, гэта так званае бесьперапыннае адміністрацыйнае правапарушэньне. Я нават пасьпела яго абскардзіць, але, зразумела, пакараньне пакінулі ў сіле. Аднак ня гэта стала апошняй кропляй.
Апошняй кропляй стала тое, што мяне зноў пачалі шукаць супрацоўнікі Сьледчага камітэту, на гэты раз яго цэнтральнага апарату. Прычым мне не казалі, у якім статусе мяне хочуць бачыць. І я зрабіла выснову: тым, хто пачынаў справу супраць мяне, здалося мала маіх двух з паловай гадоў «хіміі». Пачалі «капáць», што мне яшчэ можна выставіць.
Пад ціскам сваіх родных, бо ім гэтыя два з паловай месяцы маёй турмы даліся значна цяжэй, чым мне, я вырашыла зьехаць. Паверце, гэта няпростае рашэньне.
— Якія пляны? Чым і ў якой краіне зьбіраецеся займацца?
— Што рабіць далей, я пакуль ня ведаю: у мяне поўная разгубленасьць. Бо я прывыкла ўсё плянаваць. І нават тое новае жыцьцё на «хіміі» я ўжо сплянавала. Напэўна, мне патрэбны нейкі час, каб «сабрацца ў кучку», вызначыць прыярытэты, чаго я хачу.
Я павінна сустрэцца з роднымі палітвязьняў, якія застаюцца ў краіне, буду старацца іх падтрымліваць наколькі мага. І паралельна спрабаваць усё ж такі вызначыцца, дзе жыць, што рабіць далей. Безумоўна, «Новы час» застаецца, і я буду зь ім.
У мяне была глябальная задума паехаць ва Ўкраіну і папрацаваць там, запісаць гісторыі людзей, зафіксаваць тое, што там адбываецца. Але гэта зараз вельмі складана — менавіта праз стаўленьне Ўкраіны да беларусаў.
«Цяпер за кратамі 50% палітычных»
— Многія з калег-журналістаў пабывалі за кратамі і стараюцца забыць гэтыя ня самыя прыемныя дні ці месяцы. А Вы заўсёды казалі, што адседка — гэта «вельмі цікавы досьвед». А чым ён каштоўны?
— Ну, не ўва ўсім ён каштоўны. Можа таму, што я экстравэрт, можа, што журналіст, можа таму, што ў мяне ўжо такі ўзрост, калі чалавек павінен цаніць кожную хвіліну жыцьця і бачыць у той кожнай хвіліне штосьці добрае і цікавае, то гэты досьвед карысны.
Па-першае, ты шмат што даведваесься пра сябе. Пра свае рэакцыі, пра тое, што можаш вытрымаць, чаго ня можаш. І наагул як рэагуеш на розныя сытуацыі ў жыцьці.
Па-другое, гэта вельмі цікавы досьвед камунікацыяў з рознымі людзьмі. Цяпер за кратамі 50% палітычных. Астатнія сядзяць па эканамічных артыкулах і па наркатычным 328-м артыкуле . Мне было карысна з гледзішча асэнсаваньня грамадзтва, таго, што адбывалася, адбываецца і будзе адбывацца ў краіне — прынамсі, як гісторыку, як журналісту.
Цікава было паглядзець і на людзей з таго боку кратаў. Я зараз ня буду пра гэта расказваць, спадзяюся, што калі скончацца рэпрэсіі, абавязкова падзялюся.
«У ІЧУ былі блашчыцы. Але там быў і легендарны чырвоны швэдар»
— Што цікавага было ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, акрамя голых драўляных нараў і блашчыц?
— Я там нядоўга правяла — толькі 3 дні. Калісьці мая дачка была паўтара тыдні ў летніку, але ў яе склалася ўражаньне, што яна там ўсе тры зьмены была. Так і ў мяне: я прабыла там тры дні, але ўражаньняў і добрых сяброў столькі, што пра гэта можна апавядаць доўга.
Найперш цікавыя людзі, клясныя — з сваёй пазыцыяй, нязломныя і вельмі шчырыя. Цікавая і камунікацыя з «тым бокам». Я не магу сказаць, што хачу тых людзей бачыць у сябе ў гасьцях, але гэта не азначае, што я не хачу зь імі размаўляць.
Так, там былі і блашчыцы. Але яшчэ ў камэры № 6, празь якую прайшло шмат палітычных, быў легендарны чырвоны шведар. Калі я трапіла на «Валадарку», дзяўчаты запыталіся: ці жывы гэты чырвоны швэдар? Яго пакінуў нейкі добры чалавек. Ён там ужо больш за год, служыць і коўдрай, і матрацам. А зьявілася яшчэ і сіняя кофта з бліскаўкамі. Гэты чырвоны швэдар робіць неістотным усё іншае.
— Ну а «Валадарка» пасьля ІЧУ Вам здалася амаль санаторыем...
— Ну можа і не санаторый, але «Валадарка» падобная да працоўнага летніку. Там ёсьць свае плюсы і мінусы. Адзінае, на што я сябе настройвала, рыхтавала, — гэта стварыць для сябе максымальны камфорт. Неканечне побытавы. Мы там рабілі абсалютна неймаверныя рэчы — не магу пра ўсё расказаць, каб не нашкодзіць цяперашнім сядзельцам.
У нас былі вельмі смачныя салаты з гародніны з рознымі запраўкамі, мы рабілі торты, шакалядную каўбасу. Былі розныя практыкі для падтрыманьня маладосьці твару, практыкаваньні на розныя групы цягліцаў.
«Людзі, якія хацелі бачыць мяне за кратамі, вырашылі, што 2,5 года хіміі для мяне замала»
— Людзі сядзяць ў СІЗА падоўгу — пакуль ідзе сьледзтва, год-паўтара, а ў Вас вельмі хутка ўсё прайшло — за два месяцы. Чаму так імкліва і якія ўражаньні — ці аб’ектыўна разглядалася справа?
— Магчыма, праз тое, што не «прышылі» больш, на гэтым усё і ня скончылася. Відаць, тыя людзі, якія хацелі бачыць мяне за кратамі, вырашылі, што 2,5 года хіміі для мяне замала. Ня маю ніякіх прэтэнзіяў да сьледчага, да таго, як ішло сьледзтва. Акрамя глябальнай прэтэнзіі да тых, хто зараз трымае ўладу і чыніць гэты трэш.
У выпадку са мной усё было цывілізавана, спакойна, без пагромаў. Калі ня браць пад увагу, што гэта ў прынцыпе маразм: што за рэпост песьні «Краіна ў сьлязах» я атрымала 13 «сутак», а 2,5 года хіміі за адно фота (дарэчы, прыгожае, яно дагэтуль ёсьць у сацыяльных сетках і на нашым сайце, там я ў майцы зь лягатыпам «Новага часу» і зь бел-чырвона-белым сьцягам) на самай кляснай акцыі, што адбылася ў Беларусі 16 жніўня 2020 году.
«Суд для кожнага — гэта своеасаблівае „сьвята“, выхад у сьвет»
— Калі бачыш фота з судоў, цяжка не захапляцца, як добра дзяўчаты выглядаюць! Яны правялі шмат часу ў вельмі цяжкіх умовах, а зьяўяюцца ў судзе ў прыгожых строях, з фрызурамі, з макіяжам. Напрыклад, Вашыя фота у элегантным белым жакеце, з укладкай. Як удаецца падтрымліваць там форму, заставацца прыгожымі?
— Мяркую, што «Валадарка» — ня самае «вынаходлівае» месца. У жаночых калёніях яшчэ больш цікавага — там больш магчымасьцяў. Я, напрыклад, макіяж рабіла каляровымі алоўкамі. Ня буду выдаваць сакрэты, але там ёсьць магчымасьць і валасы пафарбаваць, пастрыгчыся. Я дагэтуль ўражаная, як з дапамогай нітак можна зрабіць эпіляцыю — чалавек да ўсяго прыстасоўваецца.
Да таго ж суд для кожнага — своеасаблівае сьвята, «выхад у сьвет», там ты ўбачысься з роднымі, сябрамі, і хацелася, каб яны пераканаліся, што ты ў нармальным стане. Таму ўсе прадумваюць свой выхад у гэты сьвет, замаўляюць рэчы, у якіх хацелі б быць на судзе, фрызуру робяць.
— У нашага калегі, журналіста Свабоды Алега Грузьдзіловіча знайшлі тры фота на трох маршах, хоць ён працаваў там як журналіст — і яму прысузілі паўтара года рэальнай калёніі. У Вас было фактычна адно фота на акцыі 16 жніўня. На які прысуд спадзяваліся?
— Шчыра кажучы, калі я ішла на суд, усім казала: калі «хімія» з накіраваньнем — для мяне гэта будзе падарунак. Бо я разьлічвала на два гады калёніі. І, дарэчы, усё пра калёнію высьветліла, пагатоў жаночых калёніяў у Беларусі ўсяго дзьве. Мы ведаем, што ў Рэчыцы ёсьць трэнажэрная заля і царква, але палітычных туды не накіроўваюць. Так што я рыхтавалася да калёніі, нават бачыла, якая там форма: сымпатычныя бардовыя сукеначкі ў кветачкі — пазытыўненькія такія!
Таму «хімія» была для мяне падарункам, я шчыра была гатовая да новага досьведу — як жартавалі сябры, «круціць каровам хвасты на фэрме». Гэта для мяне было ня самае горшае, бо жывёлаў, як адзін вядомы пэрсанаж у нашай краіне, я таксама люблю. І не люблю, прабачце, абосраных кароў. Я б іх пачысьціла, адмыла. Але, відаць, у некаторых таварышаў былі іншыя пляны — мяне засадзіць. І я вырашыла іх парушыць.
— А сам суд, атмасфэра ўразілі?
— Нічога дзіўнага — я ж да гэтага як журналіст бывала на многіх судах і ведала, што наш беларускі «савецкі» суд — «самы справядлівы суд на сьвеце». Калі я даведалася, у які суд накіравалі маю справу і які судзьдзя будзе яе разглядаць, у мяне ня стала ніякіх ілюзіяў — я была гатовая да двух гадоў рэальнай калёніі. Адзінае было незразумела: навошта перад прысудам рабіць перапынак на 8 дзён. Магчыма, судзьдзя Карсюк яшэ ня ведаў, які прысуд мне ўсё ж вынесьці. І адбылася такая заміначка.
«Я адмовілася ад апошняга слова, бо мне шкада сыпаць мае пэрлы»
— Усе чакаюць, асабліва ад журналістаў, якія ўмеюць прыгожа, красамоўна пісаць і прамаўляць, апошняга слова. І часьцяком гэта апошняе слова неймаверным чынам нават з закрытых працэсаў «вырываецца» наружу, тэксты публікуюць. Памятаю вельмі кранальнае апошняе слова свабодаўскага калегі Алега Грузьдзіловіча, апошняе слова Зьмітра Дашкевіча. А тут раптам Аксана Колб, якая ўмее так вымоўна, эмацыйна прамаўляць, «выбіць сьлязу», адмаўляецца ад апошняга слова. Чаму?
— Спадзяюся, што, выйшаўшы на волю, я распавяла калегам шмат таго, што яны хацелі ад мяне пачуць. Я зьбіралася выступіць з апошнім словам тады, калі б пракурор папрасіў пакараць мяне калёніяй. Хаця я не рыхтавала апошняга слова спэцыяльна, нічога не пісала, але мела пэўныя думкі.
Хутчэй за ўсё, я зноў паўтарыла б гісторыю пра свайго дзеда: ён выратаваў кáта, які прыходзіў, каб, магчыма, дзеда расстраляць. Мой дзед Лявон Гембіцкі жыў у Заходняй Беларусі. Яго папярэдзілі, што па яго прыйдуць, і ён пайшоў у лес, доўга там хаваўся. А потым сам прыйшоў да тых, хто яго шукаў. А яму кажуць: ты нам ужо не патрэбны, мы свой плян выканалі. Тут пачалася вайна. І таго службоўца НКВД, які прыходзіў па дзеда, схапілі немцы. Сказалі, што «калі нехта зь вёскі за цябе паручыцца, мы цябе не забяром». І адзіны, хто за яго заступіўся, быў мой дзед.
Я пра што — проста хацела нагадаць і судзьдзі, і пракурору: мы ня ведаем, што ў нас наперадзе і з кім, пры якіх абставінах і калі нам давядзецца яшчэ сустрэцца. Пра гэта заўсёды варта памятаць. Я стараюся пра гэта памятаць і камунікаваць зь людзьмі так, каб мне не было пасьля сорамна і я магла спакойна глядзець ім у вочы пры любых абставінах.
Таму я расказала б менавіта пра гэта, і больш нічога. Ну а ў той сытуацыі я адмовілася ад апошняга слова, таму што мне шкада маіх пэрлаў, каб іх сыпаць... Калі я штосьці захачу сказаць чытачам, калегам, я гэта скажу не ў апошнім слове і не ў судзе.
«Рэпрэсіі, на жаль, ня спыняцца. Яны будуць толькі ўзмацняцца»
— Аксана, мы бачым, што рэпрэсіі не спыняюцца, літаральна штодзень затрымліваюць людзей за адно фота двухгадовай даўніны на акцыі, за адзін перапост. Чаму яны не спыняюцца, ужо ж няма супраціву?
— Рэпрэсіі, на жаль, ня спыняцца. Больш за тое, яны будуць яшчэ ўзмацняцца. Чым бліжэй да канца рэжыму, тым больш будзе палітвязьняў. На сёньня, паводле інфармацыі, якую я магла атрымліваць знутры СІЗА, прыкладна 30 чалавек за тыдзень садзяць за краты за аватаркі, за перапосты. Хутчэй за ўсё, «пад завесу» да 100 чалавек на тыдзень будуць хапаць. Рэпрэсіўная машына ня можа спыніцца. Як толькі яна спыніцца, адразу ж згіне. І гэтая ўлада згіне. Гэта лёгіка ўсіх такіх рэжымаў, мы ня першыя і не апошнія, на жаль. Але менавіта гэта і дае аптымізм.
«Беларусь — яшчэ жывая краіна»
— Зьявілася ідэя «выкупляць палітвязьняў». Лідэры грамадзкай думкі і нават блізкія палітвязьняў гэтага не падтрымліваюць. Выказаліся і Сьвятлана Ціханоўская, і жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч. Як Вы да гэтага ставіцеся?
— Катэгарычна адмоўна. Калі раптам такое пачнецца, спадзяюся, гэтым разам у міжнароднай супольнасьці ўжо хопіць розуму ня весьціся на ўсе гэтыя махлярствы. А калі усё ж такое пачнецца, я, напэўна, задумаюся, каб пераехаць зь Беларусі канчаткова. Не часова, як цяпер, а канчаткова. Бо гэта азначала б, што бліжэйшай будучыні ў нас няма.
Але нягледзячы на тое, што частка актыўных грамадзян сядзіць, частка ў эміграцыі, Беларусь яшчэ жывая краіна. На той жа Зыбіцкай і Кастрычніцкай тусуецца моладзь. І на мінулым тыдні на Зыбіцкай моладзь засьпявала песьню «Акіяну Эльзы». Шмат людзей падцягнулі і падтрымалі.
Тысячы людзей падтрымліваюць палітвязьняў і іхныя сем’і. Мне прыйшло столькі лістоў, пераводаў, бандэролек ад знаёмых і незнаёмых людзей! Калі зайсьці на галоўпаштамт, там убачыш чаргу людзей, якія стаяць па капэрты, маркамі, адпраўляюць бандэролі. Гэта месца ў Менску, якое дае сілы. Час ад часу зьяўляюцца і стужачкі на дрэвах, і налепкі на слупах і пад’ездах. Зьяўляюцца такія маленькія агеньчыкі, якія змогуць запаліць сьвятло над краінай і зноў паказаць усяму сьвету, што мы жывыя.