Прапагандысцкія тэлеграм-каналы абурыліся тым, што 3 жніўня ля бару «Банки-Бутылки» на вуліцы Зыбіцкай у Менску маладая сьпявачка выконвала па-ўкраінску песьню гурту «Океан Ельзи». Падзею яны назвалі «бэчэбэшным шабашам», а выканаўцу Мерыем Геру — «змагарскай сьпявачкай ротам».
«І вось гэта спакойна выступае ў самым цэнтры Менску. У 2022 годзе. Напярэдадні гадавіны мяцяжу», — пісаў іншы тэлеграм-канал.
Папраўдзе Мерыем Гера выканала па-ўкраінску зусім непалітычную песьню гурту «Океан Ельзи» «Обійми». Гурт неаднаразова выступаў у Беларусі, яго запрашалі на буйныя фэстывалі, і ніхто ня бачыў у гэтым праблемы.
5 жніўня выканаўца перастала выходзіць на сувязь. Блізкі да сілавых структураў тэлеграм-канал паведаміў, што Мерыем была даўно ў іхным полі зроку. Асабліва яе грашовыя пераказы, бо дзяўчына ахвяравала грошы на набыцьцё Ўкраінай бесьпілётніка «Байрактар».
«Вы ўяўляеце? У цэнтры Менску зьбірала грошы на патрэбу Ўзсброеных сілаў Украіны», — напісалі яны. У дадатку былі скрыншоты, хутчэй за ўсё, з тэлефона сьпявачкі, але пра затрыманьне так і не паведамілі.
Хто такая Мерыем Гера? Ёй 28 гадоў, родам зь Менску. Гера — гэта творчы псэўданім, сапраўднае яе прозьвішча — Герасіменка. Вучылася ў музычнай школе, але лічыла гэта сваім хобі. Тэлефанавала сама ўва ўсе рэстараны Менску, каб там выступаць. Гэткім чынам хацела дапамагчы сям’і з грашыма.
Бацька Мерыем — араб, мама — беларуска. Бацька памёр, калі дзяўчыне было 16 гадоў, вялікую частку выступаў яна прысьвячае менавіта яму. Выступала ў юнацкай зборнай Беларусі ў валейболе.
Вучылася спачатку ў юрыдычным каледжы, а пасьля паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Марыла пра кар’еру юрыста, але расказвала, што яшчэ падчас вучобы да іх прыйшоў пракурор, які сказаў, што з такім абліччам ня раіць ёй працу ў «органах».
У 2018 годзе ўдзельнічала ўва ўкраінскім шоў «Голас краіны», у адборы дзяўчыну падтрымалі адразу трое сяброў журы. Яна сьпявала песьню Human выканаўцы Rag’n’Bone Man. У асноўнай частцы шоў трапіла ў каманду да пераможцы «Эўравізіі» Джамалы.
«Вельмі блізкая нам у Беларусі Ўкраіна, мы, можна сказаць, браты», — казала яна ў адным з інтэрвію.
Таксама брала ўдзел у расейскім праекце «Песни на ТНТ» і беларускім «Главная сцена». Была заснавальніцаю музычнай школы Music Space у Менску.