Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарыя далучылася да санкцый ЭЗ супраць Расеі, якія ўключаюць забарону на імпарт золата і замарожваньне актываў «Сбербанка»


Бэрн, Швайцарыя
Бэрн, Швайцарыя

Швайцарыя далучылася да санкцый ЭЗ супраць Расеі. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні швайцарскіх уладаў.

Новыя меры датычацца забароны на куплю, імпарт або транспартаваньне золата і залатых вырабаў з Расеі, паведамляе «Настоящее время». Паслугі, зьвязаныя з гэтымі таварамі, таксама забароненыя.

Санкцыі таксама ўключаюць замарожваньне актываў «Сбербанка», якому зараз будзе забаронена даваць сродкі, эканамічныя рэсурсы і тэхнічныя паслугі.

Урад Швайцарыі прыняў і выключэньні, зробленыя раней ЭЗ: з-пад санкцый выводзяцца апэрацыі дзяржаўных кампаній, зьвязаных з пастаўкамі на сусьветны рынак харчаваньня і ўгнаеньняў і транспартаваньнем нафты ў трэція краіны. Такое рашэньне ЭЗ было зьвязана з гарантаваньнем харчовай і энэргетычнай бясьпекі.

Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць 54 расейскіх грамадзян і дзевяці кампаній. Сьпіс асобаў і арганізацый, супраць якіх Швайцарыя ўвяла санкцыі ў сувязі з сытуацыяй ва Ўкраіне, цалкам супадае са сьпісам ЭЗ, гаворыцца ў прэс-рэлізе.

У санкцыйны сьпіс ЭЗ раней трапілі першы намесьнік прэм’ер-міністра Расеі Андрэй Белавусаў, дэпутат Дзярждумы ад Чачні Адам Дэлімханаў, мэр Масквы Сяргей Сабянін, акторы Ўладзімір Машкоў і Сяргей Бязрукаў, байк-клюб «Начныя ваўкі» і яго лідэр Аляксандар Залдастанаў («Хірург»), губэрнатар Кемераўскай вобласьці Сяргей Цывілеў, упаўнаважаная па правах дзіцяці пры прэзыдэнце Марыя Львова-Бялова, рух «Юнармія» і іншыя.

  • Паводле зьвестак выданьня «Ведомости», у 2021 годзе ў Расеі было выраблена 346,4 тоны золата, экспарт золата з Расеі склаў 302,2 тоны. Гэта значыць, пастаўкі за мяжу склалі 83–87% ад вырабленага ў краіне золата. Найбуйнейшым пакупніком расейскага золата ў мінулым годзе, па дадзеных ФМС, была Вялікая Брытанія, якая набыла 266,1 тоны (88% ад усяго экспарту). Больш за 8 тон каштоўнага мэталу Расея экспартавала ў Казахстан, 7,3 тоны — у Швайцарыю, 5,7 тоны — у Індыю, 5,5 тоны — у Нямеччыну.
  • Раней забарону на імпарт золата з Расеі ўвялі Канада, Вялікая Брытанія, Японія і ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG