Мінфін ЗША пашырыў санкцыі супраць Расеі і ўключыў у сьпісы Аліну Кабаеву, некалькі расейскіх алігархаў, а таксама кіраўнікоў некалькіх акупаваных украінскіх гарадоў, прызначаных на гэтыя пасады ўладамі РФ.
Усяго ў санкцыйным сьпісе аказаліся 13 чалавек. Сярод іх:
- былы генэральны дырэктар кампаніі «Фосагро» Андрэй Рыгоравіч Гур’еў і яго сын Андрэй Гурʼеў;
- старшыня рады дырэктараў Магнітагорскага мэталюргічнага камбінату Віктар Рашнікаў (сама кампанія таксама падпала пад санкцыі);
- экс-кіраўнік міжнароднага вытворцы ўгнаеньняў «Еврохим» і вугальна-энэргетычнай кампаніі СВЭК Андрэй Мельнічэнка;
- экс-старшыня рады дырэктараў «Трубнай мэталюргічнай кампаніі», уладальнік і старшыня ЗАТ «Группа „Синара“» Дзьмітрый Пумпянскі;
- прызначаныя Расеяй кіраўнік і намесьнік кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці Ўладзімір Сальдо і Кірыл Стрэмавусаў, «мэр» Марыюпалю Канстанцін Івашчанка, таксама прызначаны на гэтую пасаду ўладамі РФ пасьля акупацыі;
- экс-старшыня рады дырэктараў ААТ «Новарасійскі марскі гандлёвы порт» і АТ «Міжнародны аэрапорт Шарамецьева» Аляксандар Панамарэнка;
- гендырэктар у АТ «Пэрспэктыўныя прамысловыя і інфраструктурныя тэхналёгіі» Антон Урусаў;
- прэзыдэнт Усерасейскай Фэдэрацыі самба Сяргей Елісееў;
- жонка кіраўніка Расейскага фонду прамых інвэстыцый Кірыла Дзьмітрыева Натальля Папова, якая таксама вядомая як «ініцыятар праектаў» у арганізацыі «Иннопрактика», якую ўзначальвае дачка Пуціна Кацярына Ціханава.
Пад санкцыі таксама падпалі інстытут «Сколтех» і фонд «Сколкава».
Аліна Кабаева — меркаваная палюбоўніца прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы. З канца вясны Кабаева, якая таксама ўзначальвае раду дырэктараў «Нацыянальнай мэдыя групы», ужо значылася ў санкцыйных сьпісах ЭЗ, Вялікай Брытаніі і Канады. Газета Wall Street Journal у красавіку пісала пра асьцярогі сярод амэрыканскіх чыноўнікаў, што Пуцін «адрэагуе агрэсіўна» на санкцыі супраць Кабаевай.
Канада ў аўторак пашырыла санкцыі супраць чальцоў ваеннага кіраўніцтва Расеі і абаронных прадпрыемстваў у сувязі з вайной ва Ўкраіне.
У так званы «чорны сьпіс» унесены яшчэ 43 чалавекі і 17 юрыдычных асоб, у тым ліку беручы пад увагу «жахлівыя падзеі» ў кіеўскім прыгарадзе Буча, гаворыцца ў паведамленьні на сайце канадзкага ўраду. «Насуперак заклікам сусьветнай супольнасьці спыніць абуральныя дзеяньні расейскі рэжым працягвае весьці бессэнсоўную вайну», — падкрэсьліваецца ў распаўсюджаным у аўторак паведамленьні. Узмацненьне жорсткасьці санкцый у канадзкім урадзе назвалі спробай узмацніць ціск «на расейскую ваенную машыну».