Супрацоўнікаў Віленскай тэрытарыяльнай мытні дадаткова вінавацяць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, паведамляе Літоўская мытня.
Згодна з дадзенымі дасудовага расьсьледаваньня, абвінавачаныя займаліся кантрабандай цыгарэт зь Беларусі ў Літву ў 2019 годзе. У Беларусі цыгарэты загружалі ў грузавыя аўтамабілі, якія перасякалі мяжу ў пункце пропуску «Беняконі» — «Шальчынінкай». Мытнікі прапускалі аўтамабілі без праверкі грузу.
Паводле расьсьледаваньня, такім чынам у Літву трапілі чатыры фуры больш як з 3 мільёнамі пачкаў цыгарэт. Страты ў выглядзе нясплачаных Літве і ЭЗ падаткаў ацэньваюцца ў 9,77 млн эўра.
Паводле гендырэктара мытнага дэпартамэнту Дарыюса Жвіронаса, 84% кантрабандных цыгарэт, канфіскаваных у мінулым годзе ў Літве, выраблена ў Беларусі.