Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі спынілі кантрабанду беларускіх цыгарэт. Гэтым разам везьлі пад выглядам «дзьвярэй»


Польскі мытнік выкрыў кантрабанду цыгарэт у беларускім грузавіку. Цыгарэты былі схаваныя ў рамах для вокнаў. 17 жніўня 2021 году.
Польскі мытнік выкрыў кантрабанду цыгарэт у беларускім грузавіку. Цыгарэты былі схаваныя ў рамах для вокнаў. 17 жніўня 2021 году.

Мытнае ўпраўленьне Службы дзяржаўных даходаў Латвіі прадухіліла кантрабанду больш як 11 мільёнаў цыгарэт маркі Minsk Capital.

Мытнае ўпраўленьне Службы дзяржаўных даходаў Латвіі прадухіліла кантрабанду больш як 11 мільёнаў цыгарэт маркі Minsk Capital.

Супрацоўнікі пункту мытнага кантролю Патэрніекі вырашылі праверыць грузавы аўтамабіль, які ўехаў зь Беларусі, паведамляе агенцтва Delfi. Згодна з суправаджальнымі дакумэнтамі, перавозілі дзьверы. Аднак пасьля сканаваньня прычэпу зьявіліся падазрэньні, што там можа быць кантрабанда.

Падчас праверкі кіноляг з сабакам указаў на наяўнасьць тытунёвых вырабаў. Мытнікі разрэзалі кардонную ўпакоўку зь дзвярыма і пабачылі, што пад ім знаходзіцца яшчэ і бляшаная скрынка са схаванымі цыгарэтамі.

Агулам у грузавіку знаходзілася 11 156 320 цыгарэт Minsk Capital (557 816 пачак) зь беларускімі акцызнымі маркамі. Сума нявыплачаных Латвійскай дзяржаве падаткаў складае прыкладна 1,85 мільёна эўра.

Пачаты крымінальны працэс у адпаведнасьці з 3-й часткай 190-га артыкула Крымінальнага кодэксу Латвіі — за незаконны ўвоз у вялікім аб’ёме тавараў, якія падлягаюць мытнаму афармленьню.

Куды яшчэ ідзе беларуская кантрабанда

Беларускія цыгарэты кантрабандай пасьаўляюцца таксама ў Літву, Польшчу, Украіну.

95,9% затрыманых у студзені–лістападзе 2021 году кантрабандных цыгарэт паступілі зь Беларусі, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

«Нягледзячы на самую вялікую праблему на мяжы зь Беларусьсю сёлета (міграцыйны крызіс), памежнікі працягваюць змагацца зь іншай зьявай: кантрабандай цыгарэт зь Беларусі, якая расьце», — заявілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

У жніўні на памежным пераходзе ў польскай Кузьніцы выявілі кантрабанду з 485 тысяч пачкаў цыгарэт, схаваных у вокнах, паведамляе Падляская нацыянальная падатковая адміністрацыя. 33-гадовы беларус па дакумэнтах перавозіў у грузавіку пяць плястыкавых вокнаў з мэталічнымі рамамі. Аднак, як выявілі мытнікі падчас вобшуку, у вокнах былі схаваныя цыгарэты агульнай сумай каля 1,86 мільёна даляраў.

У траўні 2021 году каля 2,5 млн пачак цыгарэт выявілі супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы разам з Падляскім аддзелам Памежнай службы краіны. Самая вялікая ў гісторыі па маштабах кантрабанда знаходзілася ў трох кантэйнэрах, якія прыбылі на цягніку зь Беларусі на перагрузачны пункт у гміне Тарэспаль, паведамілі ў сядзібе падатковай адміністрацыі ў Беластоку.

Агульны кошт нелегальнага грузу зь Беларусі — 37 млн злотых, што ў пераліку на даляры складае звыш $9,7 млн — гэта рэкорд кантрабанды, якую спынілі памежныя службы за ўвесь час.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG