Дакумэнт апублікаваны на сайце ніжняй палаты Фэдэральнага Сходу РФ. Яго аўтары — кіраўнік фракцыі ЛДПР Леанід Слуцкі, старшыня камітэту ў пытаньнях сям’і, жанчын і дзяцей Ніна Астаніна, дэпутаты Барыс Чарнышоў, Дзьмітры Пяўцоў і Яна Лантратава.
У тлумачальнай запісцы да законапраекту гаворыцца, што перадача дзіцяці на выхаваньне ў семʼі грамадзянаў замежных дзяржаваў, якія ўваходзяць у пералік «недружалюбных», «відавочна, не адпавядае нацыянальным інтарэсам» Расеі.
«Ужо многія гады „калектыўны Захад“ падмяняе паняцьці дабра і зла, разбурае традыцыйныя сямейныя асновы і маральныя каштоўнасьці. „Хочаш перамагчы народ — выхавай яго дзяцей“. Перадача нашых дзяцей на выхаваньне ў „недружалюбныя краіны“ — гэта ўдар па будучыні нацыі», — сказана ў дакумэнце.
Па стане на пачатак 2021 году, як паведамляецца, на выхаваньні ў семʼях замежных усынавіцеляў знаходзіліся 17498 расейскіх дзяцей-сіротаў.
- Сьпіс «недружалюбных» краінаў зьявіўся ў Расеі ў 2021 годзе. Першапачаткова туды ўвайшлі ЗША і Чэхія.
- З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне і ўвядзеньня санкцыяў у дачыненьні да РФ сьпіс папоўнілі Канада, усе дзяржавы ЭЗ, Вялікая Брытанія, Украіна, Чарнагорыя, Швайцарыя, Альбанія, Андора, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Манака, Нарвэгія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Мікранэзія, Новая Зэляндыя, Сынгапур, Тайвань, а таксама Багамскія астравы і астравы Гэрнзі і Мэн.