Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, Круты таксама будзе паўнамоцным прадстаўніком пры Эканамічнай радзе СНД, спэцыяльным прадстаўніком у пытаньнях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках СД, ЭАЭС, СНД і АДКБ.
Дзьмітрыя Крутога на пасадзе намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі зьмяніў Максім Ермаловіч, які толькі што прыбыў зь Лёндану, дзе працаваў амбасадарам Беларусі ў Вялікай Брытаніі. У выніку дыпляматычнага напружаньня Ермаловіча адклікалі ў Менск.
Да таго ён займаў пасаду міністра фінансаў, а агулам працаваў у міністэрстве на розных пасадах 18 гадоў. Ермаловіча называлі «прыхільнікам рынкавых рэформаў». У пэрыяд, калі ён кіраваў Мінфінам, уладам удавалася фармаваць прафіцыт бюджэту, які спатрэбіўся ў 2020–2021 гадах.
Быў пэрыяд, калі Ермаловіч і Круты працавалі ва ўрадзе адначасова, тады, калі прэм’ер-міністрам быў Сяргей Румас. Ермаловіч зь Міністэрства фінансаў і Круты зь Міністэрства эканомікі былі аднымі з самых маладых. Першаму было 42 гады, а другому 39. Прычым Круты стаў міністрам эканомікі ў 37.
МЗС Беларусі тым часам абвясьціла аб паніжэньні ўзроўню дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Вялікай Брытаніі з пасла да паверанага. Яшчэ займаючы пасаду пасла Беларусі ў Вялікай Брытаніі, Ермаловіч імкнуўся дамагчыся аднаўленьня авіязлучэньня паміж Менскам і Лёнданам, якое спынілася праз прымусовую пасадку самалёта Атэны — Вільня ў Менску 18 траўня 2021 году.
Таксама сёньня Аляксандар Кулік быў прызначаны міністрам лясной гаспадаркі, а Ўладзімер Баравікоў — паслом Беларусі ў Тайляндзе па сумяшчальніцтве.
Раней Кулік працаваў дырэктарам «Кобрынскага вопытнага лясгасу». Пасада міністра лясной гаспадаркі была вакантная з траўня.