Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея атакуе Харкаў і Крывароскі раён, Украіна працягвае ліквідоўваць расейскія склады


Пасьля расейскага абстрэлу
Пасьля расейскага абстрэлу

Асноўныя падзеі на франтах расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Увечары 31 ліпеня па ўсёй Украіне была абвешчана паветраная трывога ў чаканьні запуску ракет з Чорнага мора. Да сярэдзіны ночы 1 жніўня расейцы тэрарызавалі абстрэламі Мікалаеўшчыну, Крывароскі раён у Днепрапятроўскай вобласьці, Запароскую і Харкаўскую вобласьці.

У Харкаўскай вобласьці загінулі двое жыхароў

На Харкаўшчыне расейскія войскі стала абстрэльваюць з артылерыі і авіяцыі тры раёны – Ізюмскі, Богадухаўскі і Чугуеўскі. У самім Харкаве расейскія снарады пацэлілі ў прыпынак грамадзкага транспарту і ў двор шматпавярховага будынку.

Паводле экспэртаў амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны, расейскія войскі могуць выкарыстаць свае пазыцыі ў раёне Балаклеі, каб аднавіць штурм Харкава з паўднёвага ўсходу (праз Чугуеўскі раён. – РС). Аднак, мяркуюць яны, у расейцаў недастаткова сіл і тылавога забесьпячэньня, каб цалкам захапіць Харкаўскую вобласьць.

На Днепрапятроўшчыне павялічылася геаграфія абстрэлаў

Расейцы ўначы выпусьцілі па Марганцу больш як 60 снарадаў з установак «Град». Улады кажуць, што яны наўмысна цэлілі ў жылыя кварталы. У горадзе пашкоджаныя 8 прыватных будынкаў. Аскепкамі зачапіла кавярню і швейную вытворчасьць. Папярэдне вядома, што дзьве жанчыны атрымалі раненьні, адна зь іх шпіталізаваная і знаходзіцца ў цяжкім стане.

У Чырвонагрыгораўскай грамадзе пацярпелі каля 30 прыватных будынкаў і аўтамабілі мясцовых жыхароў, пашкоджаны лініі электраперадач. У Крывароскім раёне ў выніку абстрэлаў цудам удалося пазьбегнуць ахвяр і разбурэньняў.

Упершыню за апошнія дні расейцы не бамбілі Нікапаля.

Мікалаеў застаецца галоўнай расейскай мэтай на поўдні Ўкраіны

У ноч на 1 жніўня расейскія войскі актыўна абстрэльвалі Мікалаеў. Галоўныя цэлі – прыватныя будынкі, гуманітарны склад з мэдыкамэнтамі і харчамі, а таксама траўмапункт мясцовай лякарні. Папярэдне ўлады гавораць пра трох параненых, але сытуацыю ўдакладняюць.

У вобласьці пад прыцэльным агнём застаюцца Мікалаеўскі і Баштанскі раёны. На тэрыторыі гэтых раёнаў ад абстрэлаў загараюцца адкрытыя тэрыторыі, палі са збожжам і лясы.

На поўдні пад адхон пайшоў эшалён з расейскай тэхнікай і жывой сілай

Украінская войска ўжо трэці месяц палюе на расейскія склады з боепрыпасамі на акупаваных тэрыторыях.

У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» паведамілі, што за апошні дзень украінская авіяцыя «накрыла» два апорныя пункты расейцаў у Аляксандраўцы і Благадатным у Херсонскай вобласьці, а ракетна-артылерыйскія падразьдзяленьні – станцыі радыёэлектроннай барацьбы расейскай арміі ў раёне Бяляеўкі на Херсоншчыне.

Апроч таго, украінская выведка пацьвердзіла, што ўкраінскае войска пацэліла ў эшалён з вайсковай тэхнікай, боепрыпасамі і жывой сілай у раёне чыгуначнай станцыі «Брылёўка». Тэхніка, пэўна, накіроўвалася на ўзмацненьне акупацыі Херсону.

За апошнія 24 гадзіны Ўзброеныя сілы Ўкраіны зьнішчылі яшчэ чатыры склады з боепрыпасамі ў двух раёнах – Берыслаўскім (Херсонская вобласьць) і Баштанскім (Мікалаеўская).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG