Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: Расея ўпотай вывозіць з Судану золата


Генэрал Бурхан, кіраўнік суданскай вайсковай хунты
Генэрал Бурхан, кіраўнік суданскай вайсковай хунты

Расея таемна вывозіць з афрыканскай дзяржавы Судан золата, хаваючы гэта пад экспарт іншых тавараў, у прыватнасьці пячэньня, сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні амэрыканскага тэлеканалу CNN.

Усяго, як сьцьвярджаецца, за апошнія паўтара года з Судану ў Расею было адпраўлена не менш як 16 самалётаў з золатам. Пры гэтым, паводле крыніц CNN, у схеме ўдзельнічае вайсковае кіраўніцтва Судану, якое дазваляе вывозіць золата ў абыход устаноўленых правілаў і тым нібыта пазбаўляе краіну сотняў мільёнаў долараў даходу.

Як адзначае CNN, вайсковае кіраўніцтва Судану становіцца ўсё больш прарасейскім — у абмен на падтрымку з боку Масквы, якая, у прыватнасьці, фактычна падтрымала пераварот у 2021 годзе, які ўмацаваў уладу вайскоўцаў. CNN цытуе адстаўнога чыноўніка ЗША, які мяркуе, што пераварот быў падтрыманы Расеяй менавіта з мэтай дамагчыся ад суданскіх уладаў бесьперашкоднага доступу да прыродных рэсурсаў.

Сьцьвярджаецца, што важную ролю ва ўгодах паміж Масквой і Хартумам грае бізнэсовец Яўген Прыгожын. Аб дзейнасьці яго кампаній, як і меркавана зьвязанай зь ім «ЧВК Вагнера», у Афрыцы і ў Судане ў прыватнасьці паведамлялася і раней. Як сьцьвярджае CNN, у Судане зьвязанай з Прыгожыным кампаніі M-invest належыць кампанія Meroe Gold, якая адначасова здабывае золата і прапануе ахоўныя паслугі. Паводле зьвестак цэнтру «Дасье», апэрацыі, зьвязаныя з вывазам суданскага золата, курыруе Аляксандр Кузьняцоў (вядомы як Рацібор або Радзімір), які названы ў расьсьледаваньні адным з высокапастаўленых дзеячаў «ЧВК Вагнера».

Як адзначае CNN, расейская экспансія ў Судане пачалася неўзабаве пасьля анэксіі Крыму. Пастаўкі золата лічацца эфэктыўным сродкам для абыходу заходніх санкцыяў. CNN паведамляе, што зьвяртаўся па камэнтары ў міністэрствы замежных спраў і абароны Расеі, а таксама ў групу кампаній, якімі кіруе Прыгожын. Ніхто зь іх не адказаў на запыт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG