Па дадзеных крыніцаў Reuters (агенцтва спасылаецца на пяць чалавек, якія, як сьцвярджаецца, былі знаёмыя з плянамі Крамля па падрыхтоўцы да вайны), прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разьлічваў на тое, што створаная сетка агентаў будзе спрыяць таму, што адміністрацыя Ўладзімера Зяленскага неўзабаве пасьля пачатку ўварваная ўцячэ з Украіны, адмовіцца ад улады або капітулюе. Гэтага не адбылося, праз 5 месяцаў пасьля пачатку ўварваньня Ўкраіна, хоць і страціўшы кантроль над шэрагам тэрыторый, працягвае ўпартае супраціўленьне.
Спасылаючыся на інтэрвію з расейскімі і ўкраінскімі прадстаўнікамі і дакумэнты ўкраінскіх судоў, Reuters сьцьвярджае, што сетка расейскіх агентаў была больш глыбокай і разгалінаванай, чым лічылася раней. Па словах кіраўніка Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксея Данілава, у Расеі былі агенты сярод вайскоўцаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў.
Крыніцы Reuters сьцьвярджаюць, што Масква плянавала зьмену ўлады ва Ўкраіне — у прыватнасьці, па паведамленьнях крыніц, марыянеткавы ўрад павінен быў узначаліць Алег Цароў, былы прарасейскі дэпутат Вярхоўнай Рады, які з 2014 года жыве ў Расеі. Ён падтрымаў расейскае ўварваньне, але не заняў пасьля яго якой-небудзь пасады ў акупацыйных адміністрацыях.
У цэлым, як адзначае Reuters, расейскі плян праваліўся. Па словах Данілава, Масква разьлічвала на слабасьць Украіны, а таксама пераацаніла здольнасьці сваіх агентаў. Адзін з суразмоўцаў агенцтва назваў іх «клоўнамі, якія казалі тое, што хацела чуць начальства». З Чарнобыльскай АЭС расейскія вайскоўцы змушаныя былі сысьці ў пачатку красавіка, пасьля адступленьня ад Кіева.
Частковым посьпехам Крамля, тым ня менш, крыніцы Reuters называюць тое, што Служба бясьпекі Ўкраіны вымушана марнаваць шмат часу на пошук расейскіх агентаў — у тым ліку і ў сваіх уласных шэрагах. Вялікая колькасьць супрацоўнікаў СБУ, якія падазраюцца ў працы на Расею, стала адным з фактараў, якія прывялі да адстаўкі кіраўніка службы Івана Баканава.