«Ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі СБУ расьсьледуе больш за 800 крымінальных спраў па фактах калябарацыйнай дзейнасьці. Сярод падазраваных — высокапастаўленыя службовыя асобы дзяржаўных установаў, якія знаходзяцца на часова акупаваных тэрыторыях поўдня і ўсходу Ўкраіны», — сказаў прэс-сакратар СБУ Арцём Дзегцярэнка.
У прыватнасьці, паводле яго, пра падазрэньне паведамлена намесьніку дырэктара дэпартамэнту будаўніцтва і разьвіцьця інфраструктуры Херсонскай абласной адміністрацыі, які дапамагаў РФ перакідаць бранятэхніку з Крыму ў Херсонскую вобласьць. За гэта расейскія сілы прызначылі яго кіраўніком так званага «Дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства „Херсонская чыгунка“».
«Акрамя таго, у Луганскай вобласьці спэцслужбы выкрылі чатырох былых прадстаўнікоў «Партыі рэгіёнаў», якія добраахвотна пагадзіліся ўвайсьці ў кіраўніцтва акупацыйнай адміністрацыі так званага «Старабельскага раёну ЛНР», — дадаў Дзегцярэнка.
Артыкул Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, датычны калябарацыянізму (ч. 1 арт. 111-1 КК Украіны), дазваляе прыцягваць да адказнасьці асоб, якія ў любой форме супрацоўнічаюць зь дзяржавай-агрэсарам. За такое злачынства прадугледжана пакараньне да 12 гадоў пазбаўленьня волі.