Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі павярнуцца тварам да сьпінкі крэсла, сесьці на яго як бы конна». Дзяўчына расказала, як вэрбуюць у ГУБАЗіКу


Сядзіба ГУБАЗіКу ў Менску
Сядзіба ГУБАЗіКу ў Менску

Жыхарка Менску на ўмовах ананімнасьці расказала пра допыты ГУБАЗіКаўцамі і сваё знаходжаньне на Акрэсьціна.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі жыхарку Менску сёлета ў красавіку. Яе дапытвалі з электрашокерам і адправілі на «суткі». Дзяўчыну два разы перазатрымлівалі — агулам на Акрэсьціна яна правяла 27 сутак у тым адзеньні, якое ёй дазволілі надзець дома, бяз душа, сродкаў гігіены і прагулак. На волю яна выйшла пад умовай супрацоўніцтва зь сілавікамі — супрацоўнікі ГУБАЗіКа спрабавалі яе завэрбаваць і даць заданьне.

Вось некаторыя фрагмэнты з расповеду жыхаркі Менску.

Пра мэтады «працы» супрацоўнікаў ГУБАЗіКу:

«У мяне эмацыйная рэакцыя на стрэс — заміраньне, а яны вырашылі, што я зь імі не хачу кантактаваць. У нейкі момант мне сказалі павярнуцца тварам да сьпінкі крэсла, сесьці на яго як бы конна. Мне прыпаднялі джынсы, агалілі ногі і стукнулі токам. Я сядзела сьпінай, таму ня бачыла канкрэтна, хто гэта робіць, але здагадваюся. Было балюча, што яшчэ сказаць. Гэта былі кароткія ўдары токам, якія выклікалі сутаргі, ад іх адымаліся ногі. Я дакладна не магла б устаць пасьля такога. Але на ператрус дадому мяне павезьлі толькі праз тры гадзіны дзесьці, таму ў мяне быў час адысьці. Кропкі ад электрашокера — іх было штук шэсьць — трымаліся каля дзесяці сутак. Ну, затое ня білі! Мне сказалі, што я павінна дзякуй сказаць за гэта».

Пра ўзаемадзеяньні міліцыі і судоў:

«...Сэнсу не было прызнаваць віну. Мне толькі потым расказалі, што правілы дыктуе РУУС: на дакумэнтах, якія едуць у суд, ужо аловачкам напісана, колькі каму прысудзіць».


Пра суд над маці і сястрой Васіля Парфянкова:

«За кожным чалавекам, які трапіў на Акрэсьціна, стаіць цэлая гісторыя. Раскажу гісторыю дзьвюх жанчын, якія са мной прайшлі першы тэрмін. Гэта мама і сястра каліноўца Васіля Парфянкова, які нядаўна загінуў ва Ўкраіне. Суд над імі праходзіў вельмі цяжка — мы чулі, як іх судзілі праз скайп. Па іх прыехалі шэсьць ці восем чалавек у поўным абмундзіраваньні, правялі ператрус. Іх абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і ў тым, што яны нібыта напалі на тых, хто іх затрымліваў. Там жанчыны досыць кволага целаскладу, маці Васіля ў паважным веку, ёй, здаецца, 67 гадоў, як яны маглі напасьці? На судзе яны плакалі і казалі, каб яны ня шылі ім тое, чаго не было насамрэч. Мама Васіля казала, што гатовая адседзець, але за справу, а не за гэта... Да іх стабільна прыходзілі зь ператрусамі, як я зразумела, кожныя паўгода. У нас ва ўсіх камяк у горле быў. Было складана слухаць гэты суд, вельмі складана».


Пра вэрбаваьне ГУБАЗіКаўцамі:

«Наогул „працаваць“ па табе пачынаюць зь першага допыту: накідваюць усе тэмы і глядзяць на тваю рэакцыю. За гэтыя два гады яны паднабраліся досьведу ў допытах. Напэўна, я дзесьці дапусьціла эмоцыю на адно з пытаньняў, таму пачалі больш канкрэтна размаўляць. Калі ты не адказваеш на пытаньні, то адпраўляюць „падумаць“ на Акрэсьціна.

Даюць падпісаць дакумэнты пра добраахвотнае супрацоўніцтва, дзе сказана, што я абавязваюся паведамляць любую важную інфармацыю. Потым даюць заданьні, і ты іх павінен выконваць. Напрыклад, хадзіць на сустрэчы з патрэбнымі людзьмі з дыктафонам».


Як паведамляе «Вясна», дзяўчына выйшла на свабоду зь першым заданьнем і з агентурным псэўданімам, але, ня выканаўшы яго, пакінула Беларусь. Цяпер яна ў бясьпецы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG