Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці палітвязьня Дуднікава просіць расейскія улады забраць сына з турмы ў Беларусі


Ягор Дуднікаў. Архіўнае фота
Ягор Дуднікаў. Архіўнае фота

Маці 22-гадовага грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава, які адбывае 11-гадовы тэрмін у Беларусі за агучваньне ролікаў для апазыцыйнага тэлеграм-канала, папрасіла Міністэрства юстыцыі Расеі і расейскае пасольства ў Менску хадайнічаць аб пераводзе яе сына для адбываньня пакараньня ў Расею.

Пра гэта паведамляе BBC. Менскі гарадзкі суд летась у лістападзе года прысудзіў Ягору 11 гадоў калёніі і абвінаваціў яго паводле двух артыкулау КК Беларусі: распальваньне варожасьці і заклікі ў інтэрнэце да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі.

Паседжаньні суду ў справе Дуднікава праходзілі ў закрытым рэжыме. На абвяшчэньне прысуду не пусьцілі нават расейскага консула.

Як высьветліла BBC, пасьля пераводу ў калёнію становішча Дуднікава пагоршылася: адміністрацыя неаднаразова карала яго за парушэньні правілаў і ў выніку дамаглася пераводу хлопца ў турму.

Крыніца, знаёмая са справай Дуднікава, лічыць, што такім чынам КДБ адпомсьціў Дуднікаву за публічныя заявы аб тым, як пасьля арышту ў траўні 2021 году ў яго выбівалі прызнальныя паказаньні.

Маці хлопца Юлія Дуднікава ў лістах у Міністэрства юстыцыі Расеі і пасольства Расеі (копіі мае BBC) у Менску просіць забраць сына з турмы Беларусі ў расейскую калёнію.

Яна скардзіцца, што ня можа атрымаць спатканьні зь Ягорам, бо жыве разам з малодшым сынам у Расеі.

Юлія Дуднікава просіць расейскі Мінюст скарыстацца дамовай паміж Беларусьсю і Расеяй, якія дазваляюць перадаваць асуджаных для далейшага адбываньня пакараньня ў краіну, грамадзянамі якой яны зьяўляюцца.

«Чапляліся да ўсякага глупства»

Перавод Ягора ў турму стаў шокам для яго маці — у СІЗА ў сына не было ніякіх нараканьняў. У калёніі Ягор плянаваў запісацца ў розныя гурткі, але яму адмовілі.

«Сталі ўстаўляць палкі ў колы і чапляцца да ўсякага глупства: пыл ня так выцер, ня так устаў, ня так сеў. І ў выніку ўсё запісвалі ў парушэньні, казалі пісаць тлумачальныя. Ён пісаў іх, каб не ісьці на канфлікт, а па факце яны павярнуліся супраць яго», — расказала BBC Юлія Дуднікава.

Маці Дуднікава ўпэўненая, што такі ціск зьвязаны з тым, што ў Ягора «палітычны» артыкул.

«Вядома, ён засмучаны. Але стараецца трымацца, — расказвае Юлія. — Плянуе чытаць. Здароўе падарвалася падчас суду — ён зваліўся ў гарачку, чатыры дні тэмпэратурыў, думаю, ён захварэў на нэрвовай глебе».

Хадайніцтва ў расейскае міністэрства маці Ягора пісаць сёлета не плянавала — сям’я з абаронай перш за ўсё хацелі падаць прашэньне аб памілаваньні, але праз парушэньні, якія паставілі Ягору ў калёніі, шанцаў на памілаваньне не засталося, кажа жанчына.

«Я зразумела, што яму не дадуць спакойна сядзець. Нават калі ён адсядзіць тры гады ў турме, прыдумаюць нешта іншае. Будуць пастаянныя прыдзіркі», — прагназуе Дуднікава.

Калі ўлады Расеі пагодзяцца дапамагчы Дуднікаву, суд у Расеі павінен пацьвердзіць яму пакараньне за злачынствы, указаныя ў беларускім прысудзе, але ў адпаведнасьці з артыкуламі расейскага Крымінальнага кодэксу. У любым выпадку, яго мусяць адправіць у калёнію, а не ў турму.

«Стомлены і выматаны»

Адзіная аддушына для Ягора ў турме — гэта чытаньне, дзеліцца яго маці.

«Ён вельмі шмат чытае, захапляецца японскай культурай, „Вайну і мір“ нядаўна перачытваў. Я змагла перадаць яму нейкія кнігі, пакуль ён быў у СІЗА», — кажа яна.

Апошні раз Юлія бачыла сына ў лютым.

«Яму 21 год, а я бачыла стомленага [чалавека] як быццам яму гадоў 35-40. Ведаеце, калі чалавек ужо пажыў. Стомлены, выматаны», — дадае Дуднікава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG