15 чэрвеня, суд Бабруйскага раёна і Бабруйску ўзмацніў рэжым зьняволеньня 21-гадоваму расейцу Ягору Дуднікаву, якога асудзілі паводле шэрагу «пратэставых» артыкулаў да 11 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Судзьдзя Павал Карцінін пастанавіў зьмяніць палітзьняволенаму Ягору рэжым з узмоцненага на турэмны на 3 гады, піша «Вясна».
У бабруйскай калёніі палітвязень прабыў толькі тры месяцы, у траўні яго зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. У хуткім часе Ягора перавядуць у адну з турмаў Беларусі.
Таксама на на турэмны рэжым пераводзяць і палітвязьня Алега Рубца, паведамляюць праваабаронцы.
Ініцыявала ўзмацненьне рэжыму Рубцу адміністрацыя наваполацкай калёніі № 1.
10 чэрвеня наваполацкая судзьдзя Вольга Баліка пастанавіла перавесьці хлопца на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады.
Раней, у лютым адміністрацыя наваполацкай калёніі зьмясьціла палітвязьня ў ШЫЗА на 40 сутак. Пасьля гэтага яго зьмясьцілі ў ПКТ. Алега таксама пазбавілі перадач, званкоў і спатканьняў.
Фаната ФК «Хваля» Алега Рубца затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у «масавых беспарадках» у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Летась 30 красавіка судзьдзя Яўген Брэган прысудзіў хлопцу 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Цяпер Алег чакае этап у турму.