Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Журналісту Пачобуту зноў падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай, паэта-пчаляра Папеку перавялі з «хіміі» ў калёнію


Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1266 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Журналісту Анджэю Пачобуту, які ўжо 16 месяцаў за кратамі, падобна, падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай, паведаміла жонка палітвязьня Аксана Пачобут.

«Учора скончылася папярэдняе падаўжэньне варты для Анджэя Пачобута, але ён па-ранейшаму ў турме. Відавочна, мужу зноў падоўжылі варту. Увесь гэты час ён жыве ў 4 сьценах.

16 месяцаў!!! За гэты час наш сын перагнаў па росьце бабулю зь дзядулем. З сынам не дазволена перапіска, бо Андрэй зь ягонага нараджэньня мае зносіны зь ім на польскай мове. Ён піша скаргі, якія адміністрацыя нават не выпускае зь СІЗА.

У лістах піша, што не журыцца, чытае кнігі і гатовы да горшага разьвіцьця падзей. Перадае прывітаньне ўсім знаёмым і незнаёмым людзям і дзякуе ўсім, хто, нягледзячы ні на што, працягвае пісаць...» — паведаміла Аксана ў фэйсбуку.

Паводле афіцыйных зьвестак, сьледзтва ў дачыненьні да Анджэя Пачобута павінна было скончыцца 25 ліпеня.

Журналіст Анджэй Пачобут, прадстаўнік незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі, быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 году. Беларускія ўлады абвінавачваюць яго ў «распальваньні нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму». Такія ж абвінавачаньні былі выстаўленыя яшчэ чатыром актывістам Саюзу палякаў, у тым ліку старшыні арганізацыі Анжаліцы Борыс. Усім ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Зь пяці абвінавачаных у «справе палякаў» сёньня за кратамі застаецца толькі Анджэй Пачобут.

Паэта Міколу Папеку перавялі з «хіміі» ў калёнію

Палітзьняволенаму паэту і пчаляру Мікалаю Папеку з Пружанаў, асуджанаму на два гады «хіміі» ў «карагоднай справе», у пачатку красавіка ўзмацнілі пакараньне — праваабаронцам стала вядома, што яго перавялі ў калёнію.

З 13 верасьня 2021 году Папека адбываў тэрмін у мазырскай ПУАТ № 21.

Вядома, што адміністрацыя ўстановы ціснула на Міколу і чыніла супраць яго розныя правакацыі. На пачатку красавіка суд Мазырскага раёну пастанавіў замяніць Мікалаю «хімію» на 8,5 месяца калёніі, якія ён з чэрвеня адбывае ў магілёўскай калёніі № 15.

Палітвязьні Сяргей Красоўскі і Вольга Сыраватка выйшлі на волю

Палітзьняволеных Сяргея Красоўскага і Вольгу Сыраватку затрымалі па справе аб блякаваньні чыгуначных шляхоў і разьвешваньні пудзілаў з надпісамі «АМАП».

Судзьдзя Аляксандар Семянчук асудзіў іх на два гады зьняволеньня.

Пасьля адбыцьця пакараньня палітвязьні выйшлі на волю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG