Паводле афіцыйнага паведамленьня «Беларускай чыгункі», Літва не сьпяшаецца аднаўляць чыгуначны рух паміж Вільняй і Менскам, самалёты зь Беларусі ў Літву таксама пакуль больш ня лётаюць. Адзіным шляхам застаюцца наземныя памежныя пераходы. І там, пачынаючы з траўня, сапраўдны ажыятаж.
«Дарога зь Менску заняла восем гадзін»
«Сем гадзін (!!!) на літоўскай мяжы, — напісала ў сваім фэйсбуку жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, якая вярталася ў Беларусь 21 ліпеня. — Чорная (а мо чырвоная) метка і ўмераны дагляд на беларускай. Агулам прастаялі 8,5 гадзіны. Маршрутны, між іншым, аўтобус. Еду дадому».
У камэнтарах пад допісам Адамовіч сваім досьведам падзяліліся і іншыя беларусы, які мусілі доўга чакаць на мяжы. Па словах камэнтатараў, чакаць сваёй чаргі на надгляд можна гадзінамі і без асаблівых «метак». Рэйсавыя аўтобусы стаяць у чэргах і 7, і 8 гадзін.
«Чэргі цяпер насамрэч неслабыя, — расказаў Свабодзе адзін зь беларусаў, які на мінулым тыдні прыяжджаў на некалькі дзён у Вільню. — Дарога зь Менску заняла восем гадзін ажно. Стаялі шмат і на беларускім баку, і на літоўскім. Беларускі крыху хутчэй прайшлі. Пасьля спыніліся ў нэўтральнай зоне і чакалі, пакуль нас паклічуць літоўцы. Літоўцы тлумачылі затрымку тым, што ў іх ідзе рамонт памежнага пераходу, таму праверка аўтобусаў запаволеная. Аўтобусы і легкавыя аўтамабілі накіроўвалі ў адну чаргу, усё было насамрэч доўга».
У выніку рэйсавы аўтобус, які паводле раскладу павінен быў прыехаць зь Менску на аўтобусны вакзал Вільні ў 20.50, даехаў да літоўскай сталіцы толькі апоўначы. З васьмі гадзін, якія заняла дарога, ехаў аўтобус толькі тры — рэшта часу пайшла на чаканьне ў чэргах.
У мірныя і даковідныя часы дарога на аўтобусе зь Менску да Вільні займала прыкладна чатыры гадзіны. На пашпартны і мытны кантроль на абодвух баках мяжы сыходзіла толькі адна зь іх.
«Назад зь Вільні да Менску я ехаў ужо 7,5 гадзін, — расказвае суразмоўца. — Спачатку здавалася, што ўсё будзе хутчэй. Але ў выніку аўтобусы і легкавікі накіравалі ў адну чаргу. Праўда, было хутчэй, чым па дарозе зь Беларусі ў Літву. Але калі мы ўжо прайшлі і беларускі кантроль, то кіроўца аўтобуса сказаў, што чакаць будзем зараз усё адно. У аднаго хлопца з нашага аўтобуса ўзьніклі праблемы, яго накіравалі на паглыблены кантроль беларускія мытнікі. Хлопца ў выніку каля гадзіны трымалі. Мы стаялі пад сонцам, чакалі яго. У аўтобусе і дзеці малыя былі, людзі здалёк ехалі, з аэрапорту віленскага. Але гэта нікога не цікавіла».
«Засталася адна паласа для руху»
Пра тое, што на пункце пропуску ў літоўскім Мядзінінкаі («Каменны Лог» зь беларускага боку. — РС) ідуць будаўнічыя працы, расказвае і Марына Адамовіч. Па яе словах, там «усё перакапана», а аўтобусы, вяртаючыся ў Беларусь, вымушаныя чакаць, нават не даяжджаючы да мяжы.
«Там засталася адна паласа для руху, і для грамадзкага транспарту, і для асабістага, — расказвае Марына Адамовіч. — Але ў мяне таксама адчуваньне, што там бракуе добрай волі. Бо проста выйсьці камусьці з памежнікаў і рэгуляваць рух можна, там хопіць месца, каб праехаць. Каб не стаяць шалёныя чэргі. Нам тады яшчэ вельмі пашанцавала стаяць толькі 7 гадзін. Бо за намі сабралася яшчэ 4–5 аўтобусаў. Нават ня ведаю, калі змаглі яны праехаць. Мы замест 22.30 прыехалі ў Менск а 6-й раніцы. На мяжы фуры рухаліся хутчэй, чым аўтобусы».
Пра праблемы зь перасячэньнем літоўска-беларускай мяжы на рэйсавых аўтобусах Свабодзе расказалі яшчэ некалькі чалавек. Ва ўсіх выпадках затрымкі склалі 4–5 гадзін. Пасажыры, якія адолелі маршрут са сталіцы Беларусі ў Літву, ня раяць арыентавацца на расклад руху аўтобусаў і плянаваць прыбыцьцё на канцавы пункт паводле яго.
Мы накіравалі запыт аб прычынах затрымак і магчымым тэрміне завяршэньня рамонту на памежным пераходзе ў дзяржаўныя органы Літвы. Апублікуем яго, як толькі атрымаем адказ.