Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў абвінаваціў удзельнікаў праскага «Форуму свабодных народаў Расеі» ў спробе разваліць краіну


 На «Форуме свабодных народаў Расеі» ў Празе
На «Форуме свабодных народаў Расеі» ў Празе

У Празе 22–24 ліпеня прайшоў другі «Форум свабодных народаў Расеі».

Ляяльны Маскве кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў назваў удзельнікаў «Форуму свабодных народаў Расеі», які прайшоў у Празе (Чэхія), «псэўдалібэраламі» і абвінаваціў іх у спробе разваліць Расею.

Удзельнікі форуму 22-24 ліпеня абмяркоўвалі магчымую тэрытарыяльную будову пасьля праўленьня Ўладзіміра Пуціна, якая, на іх думку, прадугледжвае незалежнасьць непрызнанай Ічкерыі.

Арганізатары форуму прадэманстравалі новую мапу краіны, падзеленую на 34 дзяржавы, якія, паводле іх, павінны стварыць «Садружнасьць дзяржаў свабоднай Расеі».

На гэтай мапе ёсьць незалежная Кубань, «Каўкаская Канфэдэрацыя» з цэнтрам ва Ўладзікаўказе, «Рэспубліка Чаркесія», «Данская Рэспубліка», незалежныя Калмыкія і Дагестан, а таксама Ічкерыя — так на мапе падзялілі Паўночны Каўказ.

Рамзан Кадыраў абвінаваціў удзельнікаў і арганізатараў форуму, сярод якіх былі прадстаўнікі карэнных народаў Расеі, грамадзкія актывісты і апазыцыйныя палітыкі ў эміграцыі, у тым, што тыя «вывальвалі нянавісьць да Расеі».
Кіраўнік Чачэніі спаслаўся на словы Ўладзіміра Пуціна і дадаў: «Мы яшчэ ўсур’ёз нічога не пачыналі». Такім чынам Пуцін выказаўся на сустрэчы з дэпутатамі Дзяржаўнай Думы, расказваючы аб мэтах «спэцапэрацыі» ва Ўкраіне (так расейскія ўлады і прапаганда называюць вайну супраць Украіны. — РС).

Арганізатары форуму заяўлялі, што ягонай мэтай зьяўляецца «рэканструкцыя і структурная трансфармацыя Расеі, поўнамаштабная рэалізацыя грамадзянскіх правоў і свабод, сацыяльны дабрабыт народаў». Пра гэта паведамляе сайт форуму.

На першым форуме, які прайшоў у траўні ў Варшаве (Польшча), ягоныя ўдзельнікі абмяркоўвалі варыянты як мага хутчэйшага завяршэньня вайны ва Ўкраіне і фармаваньня ў Расеі пераходнага ўраду, які «зрыне дыктатуру ў краіне».

У апошнія тыдні прыхільнікі незалежнасьці непрызнанай Ічкерыі ўсё часьцей сталі заяўляць аб аднаўленьні супраціву. У прыватнасьці, у чэрвені прадстаўнікі чачэнскай дыяспары заявілі аб зьезьдзе суайчыньнікаў у Страсбуры, дзе правялі прэсавую канфэрэнцыю аб наступствах Другой чачэнскай вайны.

Напярэдадні невядомыя абвясьцілі джыхад Рамзану Кадыраву, а актывісты заявілі аб фармаваньні падпольля ўнутры Чачэніі. Абмеркаваньне гэтага пытаньня пачалося і на міжнародным узроўні. У прыватнасьці, украінскі парлямэнт плянуе разгледзець праект пастановы аб прызнаньні незалежнасьці Ічкерыі.

З боку расейскіх уладаў гэтую ініцыятыву камэнтаваў толькі Рамзан Кадыраў. Ён назваў гэтую навіну «пацешнай» і заявіў, што Ічкерыя «была праектам Захаду» і перастала існаваць у 2009 годзе. У Расеі абмеркаваньне аддзяленьня народаў і рэспублік расцэньваецца як крымінальнае злачынства паводле артыкулу аб парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны з максымальным пакараньнем да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

Чаго дамагаюцца на «Форумах свабодных народаў Расеі»

Удзельнікі форуму абмяркоўваць падыходы да стварэньня пераходных адміністрацый і ўрадаў незалежных дзяржаў, якія ўтворацца з Расейскай Фэдэрацыі, мінімізацыю рызык некантраляванага каляпсу ў ключавых сэктарах (у тым ліку дэмілітарызацыю з поўнай адмовай ад ядзернага арсэналу), а таксама фармаваньне новай архітэктуры калектыўнай бясьпекі ў Эўропе і добрасуседзкага існаваньня новых незалежных рэспублік Расеі і сумежных дзяржаў, паведамляе сайт форуму.

«У адрозьненьне ад вядомых „лідэраў расейскай апазыцыі“, якія мараць толькі аб зьмене „кепскага“ крамлёўскага цара на „добрага“, але хочуць захаваць ранейшы масквацэнтрызм, мы — прыхільнікі радыкальнай рэканструкцыі і структурнай трансфармацыі Расеі на карысьць яе шматлікіх народаў і рэгіёнаў. Пакуль захоўваецца адзіная Расея, яна будзе непазьбежна ператварацца ў агрэсіўную імпэрыю, які б „лібэрал“ ні прыйшоў да ўлады», — адзначаецца ў прэсавым рэлізе мерапрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG