На Захадзе разьлічваюць на тое, што пасьля 21 ліпеня «Газпром» усё ж адновіць пастаўку сыравіны праз «Паўночны паток – 1», прыпыненую пад маркай рамонту газаправоду.
І тым ня менш, само панічнае чаканьне аднаўленьня паставак ужо дэманструе ўзровень залежнасьці эўрапейскіх краін, і перш за ўсё Нямеччыны, ад расейскага манапаліста. Да зімы засталося ўжо ня так шмат часу, газавыя сховішчы не запоўненыя ў дастатковай колькасьці, Расея можа ў любы момант прыпыніць або скараціць пастаўкі газу па маршрутах «у абыход», а пастаўкі праз украінскую газатранспартную сыстэму могуць спыніцца ўжо незалежна ад жаданьня «Газпрома». Любы новы этап вайны можа проста прывесьці да перабояў у працы ўкраінскай «трубы». І што тады?
Тады — павышэньне цэн на асноўныя тавары, холад у дамах, крызіс прамысловасьці, а значыць, рост беспрацоўя. Тая ж Баварыя, цэнтар нямецкага машынабудаваньня, у вельмі значнай ступені залежыць ад расейскіх паставак, якія папросту няма чым замяніць. Падобная ж праблема ў паўночных земляў ФРГ. Італія, нягледзячы на ўсе намаганьні прэм'ер-міністра Марыё Драгі і нарошчваньне паставак з Альжыру, усё яшчэ ня можа адмовіцца ад расейскіх паставак. І калі Расея адмовіцца сама, то гэта можа прывесьці да ўзмацненьня палітычнага крызісу ў Італіі і дапаможа посьпеху сілаў, якія заклікаюць знайсьці агульную мову з Уладзімірам Пуціным.
Пуцін даўно рыхтаваўся да гэтай сытуацыі. Нават не да вайны як такой, а да магчымасьці «вяртаньня» Ўкраіны. Любымі сродкамі, зразумела. Калі Пуцін і Аляксей Мілер прынялі рашэньне аб будаўніцтве газаправодаў у абыход, яны думалі не аб прыбытку, не пра акупнасьць праектаў, а пра «благоразумие». Пра «благоразумие» ўкраінскага кіраўніцтва, якое своечасова зразумее, што адсутнасьць таннага расейскага газу і транзытных даходаў — гэта катастрофа. І пра «благоразумие» эўрапейцаў, якія зразумеюць, што ня варта ўступацца за ўкраінцаў у сытуацыі, калі Нямеччына, Італія, іншыя краіны крытычна залежныя ад расейскіх паставак. Усё, што патрабавалася Пуціну для пачатку «спэцапэрацыі», — забясьпечыць гэтую крытычную залежнасьць.
Украінскія экспэрты на працягу дзесяцігодзьдзяў запэўнівалі сваіх эўрапейскіх калег, што «абыходныя» газаправоды — толькі інструмэнт для стварэньня залежнасьці. І пасьля таго, як яны будуць пабудаваныя, створацца ідэальныя ўмовы для вялікай вайны ў Эўропе. Але эўрапейцы ад украінцаў адмахваліся: яны ніяк не маглі зразумець, як можна прамяняць такія шалёныя грошы на вайну.
Аказалася, што можна. Што тэрыторыі даражэйшыя за грошы. Але ў адным Пуцін пралічыўся: разважнасьць так і не наступіла. Украінцы не пагадзіліся абменьваць танны газ і транзытны статус на волю. А эўрапейская падтрымка Ўкраіны толькі расьце з кожным новым днём бессэнсоўнай і крывавай пуцінскай вайны. Усё, што застаецца расейскаму прэзыдэнту ў гэтых умовах, — шантаж. Ён хоча пакінуць Эўропу без расейскага газу яшчэ да таго, як сам кантынэнт навучыцца абыходзіцца без расейскіх паставак. Згуляць на апярэджаньне ў разьліку, што паніка і страх халоднай зімы прымусяць эўрапейцаў адмовіцца ад падтрымкі Ўкраіны і пагадзіцца з пуцінскай мадэльлю сьвету, заснаванага на сіле. Крэмль ахвяруе вайне і шантажу адзін з апошніх расейскіх палітычных мітаў –— міт аб надзейнасьці энэргетычных паставак. «Газпром» сёньня дакладна не гарант энэргетычнай стабільнасьці Эўропы.
Але і з гэтым шантажом Пуцін таксама можа пралічыцца, як ён пралічыўся з вайной. Шантаж холадам можа толькі ўзмацніць недавер і прымусіць эўрапейцаў забыцца на эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй — нават тых эўрапейцаў, якія верылі ў разумнасьць і выгаднасьць такога супрацоўніцтва. Нават Герхард Шродэр можа перастаць тэлефанаваць Пуціну, калі яму ня будзе чым абаграваць уласны дом. У выніку энэргетычнае супрацоўніцтва цывілізаванага сьвету з Масквой надоўга застанецца ў мінулым. Хаця так усім нам, тым, хто ў гэтым цывілізаваным сьвеце жыве ці хоча жыць, будзе вельмі няпроста. А магчыма, і ня вельмі цёпла.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.