Згодна з дакладам, за апошнія 40 гадоў сярэдняя тэмпэратура на Зямлі расла значна хутчэй, чым за любы супастаўны пэрыяд папярэднія 2000 гадоў. У 2011–2020 гадах яна перавышала сярэднія тэмпэратурныя паказьнікі 1850–1900 гадоў прыкладна на 1,1 градуса Цэльсія. А апошнія пяць гадоў былі самымі гарачымі за ўсю гісторыю назіраньняў з 1850 году.
Аўтары лічаць, што ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі ва ўсіх рэгіёнах сьвету зьмены клімату стануць яшчэ больш прыкметнымі. Пры павышэньні сярэднесусьветнай тэмпэратуры на 1,5° C павялічыцца колькасьць фазаў экстрэмальнай сьпёкі, цёплыя поры года стануць даўжэйшымі, а халодныя — карацейшымі. Ня выключана, што Арктыка ўжо да 2050 году будзе практычна цалкам вызваляцца ад лёду як мінімум адзін раз на год у верасьні.
Зь вялікай доляй верагоднасьці (90%) асноўнай рухаючай сілай глябальнага раставаньня леднікоў з 1990-х гадоў навукоўцы называюць чалавечы ўплыў. Ён ужо стаў прычынай і іншых экстрэмальных зьяваў надвор’я ў розных рэгіёнах сьвету: цеплавых хваляў, якія людзі нядаўна назіралі ў Грэцыі і ў заходняй частцы Паўночнай Амэрыкі, або паводак, падобных да тых, што адбыліся ў Нямеччыне і Кітаі, дадаюць аўтары справаздачы.
У 2015 годзе ў рамках ААН было прынятае Парыскае пагадненьне ў справе клімату. Яго мэта — скараціць выкіды парніковых газаў і не дапусьціць павышэньня сярэднегадавой тэмпэратуры на плянэце да 2100 году больш чым на 2 градусы Цэльсія і ўтрымаць пацяпленьне ў межах 1,5 градусаў. Але навукоўцы лічаць, што «бітва за паўтара градуса» амаль прайграная, нават пры самых значных скарачэньнях выкідаў.
Гэтая справаздача — «чырвоны код для чалавецтва», заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш. «Справаздача павінна прагучаць пахавальным звонам для вугалю і выкапнёвага паліва перш, чым яны зьнішчаць нашу плянэту», — дадаў ён.
Катастрофы, на думку экспэртаў МГЭЗК, можна пазьбегнуць, калі сьвет ужыве захады проста цяпер. Прынамсі, магчыма не дапусьціць яшчэ большага росту тэмпэратуры. Выкарыстоўваючы, напрыклад, прагрэсіруючыя выкіды парніковага мэтану зь вечнай мерзлаты з адначасовым зьніжэньнем паглынальнай здольнасьці біясфэры.
МГЭЗК дала сваю ацэнку ўпершыню больш чым за 8 гадоў — яна аказалася нашмат горшай, чым можна было чакаць. Над справаздачай працавалі больш за дзьве сотні навукоўцаў, якія абагульнілі вынікі тысяч дасьледаваньняў.