Пра дасьледаваньне распавядае агенцтва Reuters.
Навукоўцы вывучалі ўзьдзеяньне глябальнага пацяпленьня на ўзьнікненьне пяці экстрэмальных зʼяваў: сьпякоты, ліўняў, засухі, лясных пажараў і трапічных штормаў. Паводле аўтараў дасьледаваньня, сувязь зьмены клімату з хвалямі цяпла і ліўнямі найбольш відавочная, у той час як з засухай і ляснымі пажарамі — не настолькі ясная.
«Практычна ўсе хвалі цяпла ў сьвеце сталі больш інтэнсіўнымі празь зьмену клімату», — кажа суаўтар дасьледаваньня Бэн Кларк, навуковец-эколяг з Оксфардзкага ўнівэрсытэту. Хвалі сьпякоты ў паўночным паўшарʼі, якія цяпер рэгіструюцца ў ЗША, Эўропе і краінах Азіі, пацьвярджаюць словы Кларка.
У чэрвені праліўныя дажджы выклікалі сурʼёзныя паводкі ў Індыі, Банглядэш і Кітаі. Навукоўцы пацьвердзілі, што праз глябальнае пацяпленьне залевы пачашчаюцца і робяцца больш маштабнымі. Што да трапічных штормаў, навукоўцы выявілі, што ў глябальным маштабе іх колькасьць не павялічылася, але яны сталі больш інтэнсіўнымі.
Складаней зразумець, як зьмена клімату ўплывае на засуху. Напрыклад, сувязь засухаў ва Ўсходняй Афрыцы з глябальнымі зьменамі клімату трэба яшчэ даказаць. Аднак ужо цяпер навукоўцы адзначаюць, што скарачэньне сэзону веснавых дажджоў зьвязанае з тым, што частка хмараў хутчэй насычаецца вільгацьцю і не пасьпявае дасягнуць мацерыку — дажджы ідуць над акіянам. Хвалі цяпла і засуха пагаршаюць лясныя пажары, асабліва мэгапажары, якія могуць ахапіць больш за 400 мільёнаў квадратных кілямэтраў.
Навукоўцы адзначаюць, што складанасьці ў вывучэньні сувязяў паміж глябальным пацяпленьнем і экстрэмальнымі зьявамі надворʼя выкліканыя недахопам надзейных дадзеных, асабліва зь бяднейшых краінаў. Хоць менавіта яны найбольш уразьлівыя да рызыкаў антрапагеннай зьмены клімату.
- Тэма кліматычных зьменаў, нароўні з вайной ва Ўкраіне і харчовымі крызісам, абмяркоўвалася на саміце G7, які ўчора завяршыўся ў Нямеччыне.