Чытачы Свабоды паведамілі, што цукру не было ў Пінску:
«Звычайнага цукру няма, ёсьць толькі цукар-рафінад і некалькі пачкаў трысьняговага», — напісаў чытач.
Таксама пра адсутнасьць цукру пісалі жыхары Янава: «Нідзе не знайсьці цукру».
«Раніцай цукру не было, увечары цукар ужо быў, кошт 2,5 рубля», — паведаміў жыхар Берасьця.
А вось у Менску цукар быў, гэтаксама як і ў Віцебску.
Што з цукрам
Сьвежых дадзеных пра экспарт цукру зь Беларусі няма, але раней Беларусь экспартавала цукар у іншыя краіны. Напрыклад, за 2021 год беларускага цукру за мяжу прадалі на 112,8 мільёна даляраў. Аднак гэта менш на 25,7%, чым за 2020 год, падлічвае Белстат.
Згодна з статыстыкай, на складах сетак розьнічнага гандлю ў студзені-сакавіку гэтага году цукру і яго замяняльнікаў было 9172 тоны. Гэта амаль удвая болей, чым у мінулыя тры гады.
Што да складзкіх запасаў прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукты харчаваньня (у тым ліку цукар), то на 2021 год іх было на 1,1 мільярда рублёў, што таксама больш, чым у 2020 годзе.
Што з цукровымі заводамі
У Беларусі чатыры цукровыя заводы. У 2020 годзе розгалас набыла «цукровая справа», у межах якой затрымалі кіраўнікоў усіх чатырох цукроўняў. Былы дырэктар Гарадзейскай цукроўні Міхаіл Крыштаповіч атрымаў найдаўжэйшы сярод падсудных тэрмін — 13 гадоў турмы. Экс-кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі, зарэгістраванай у Расеі, Дзьмітры Кірылаў — 7,5 года.
- Мікалай Пруднік (Слуцкая цукроўня) — 11 гадоў
- Дзьмітры Ягораў (Скідзельская) — 11 гадоў
- Анатоль Гладкі (Жабінкаўская) — 8 гадоў
- Віктар Міронаў (Жабінкаўская) — 11 гадоў
- Бізнэсовец з Масквы Сяргей Кананенка — 7 гадоў.
З 4 цукровых камбінатаў справаздачы за мінулы год публікуюць два — Слуцкі цукроварафінадны камбінат і Жабінкаўскі цукровы завод.
Апошні з 2020 па 2021 год павялічыў вытворчасьць у 1,4 раза, а чысты прыбытак вырас у 68 разоў: з 236 тысяч рублёў да 16,1 мільёна рублёў за год.
Чысты прыбытак Слуцкага цукроварафінаднага камбінату за мінулы год — 46,8 мільёна рублёў. У параўнаньні з 2020 годам прыбытак вырас у 4,8 раза.
Як даражэе цукар
За паўгода цукар у Беларусі вырас у цане ў 1,4 раза. У студзені кіляграм каштаваў 1,7 рубля, а ўжо ў чэрвені 2,53 рубля. Па цяперашнім курсе — гэта 90 эўрацэнтаў.
Для параўнаньня, у Вільні ў краме цукар каштуе 79 эўрацэнтаў за кіляграм. У польскай «Бядронцы» цукар прадаецца па 1,1 эўра за кіляграм.
У латвійскай онлайн-краме прадуктаў кіляграм цукру каштуе 0,79 эўра.