Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацапытаньне ў Расеі паказала, што палова рэспандэнтаў за пачатак мірных перамоваў з Украінай


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Меркаваньні расейцаў аб тым, ці варта Расеі працягваць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне або важней весьці мірныя перамовы, падзяліліся пароўну. За мірныя перамовы і найхутчэйшае спыненьне агню выказваецца большасьць у групах да 35 гадоў.

Такія вынікі чэрвеньскага закрытага апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (УЦДГМ) пра стаўленьне расейцаў да так званай «спэцапэрацыі», зь якімі азнаёмілася выданьне The Bell.

Апытаньне пад назвай «СВА: Праблемныя зоны» праводзілася праз тэлефон сярод 1600 рэспандэнтаў. Вынікі дасьледаваньня разглядаліся на адной з нарад у адміністрацыі прэзыдэнта ў 20-х днях чэрвеня, паведаміў выданьню блізкі да Крамля суразмоўца.

Як расейцы ставяцца да працягу вайны

Галоўны вынік апытаньня — падзел роўна напалову адказаў на пытаньне аб тым, што для Расеі цяпер важней — працягваць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне або весьці мірныя перамовы. За той і другі варыянт адказу прагаласавала па 44% апытаных, яшчэ 12% не змаглі адказаць на пытаньне.

Іншае пытаньне сацыёлягаў аб будучыні вайны гучала так: «Адны лічаць, што баявыя дзеяньні ва Ўкраіне неабходна спыніць як мага хутчэй. Іншыя лічаць, што баявыя дзеяньні зараз спыняць ня варта. Які пункт гледжаньня вам бліжэйшы — першы ці другі?» Тут большасьць у прыхільнікаў працягу вайны: 57% супраць 30%, астатнія — не змаглі адказаць.

Як расейцы ўвогуле ставяцца да вайны

Да 22 чэрвеня доля тых, хто хутчэй яе падтрымлівае зафіксавалася на ўзроўні 70% (пытаньне ў гэтым месяцы задавалі штотыдзень). Доля тых, хто хутчэй не падтрымлівае, склала 17%, яшчэ 13% не змаглі адказаць.

Характэрна, што на наступны дзень пасьля аб’явы аб спэцапэрацыі ў яе падтрымку выказвалася самая меншая за час назіраньняў УЦДГМ колькасьць рэспандэнтаў: 65%.

  • Менш за ўсё вайну падтрымліваюць ва ўзроставай групе 18–24 гады: 37% хутчэй не падтрымліваюць, 38% — хутчэй падтрымліваюць.
  • У групе 25–34 гады гэта 26% і 50% адпаведна.
  • 35–44 гады — 18% і 72%.
  • 45 і 59 гадоў — 12% і 79%.
  • 60 гадоў і старэйшыя — 9% і 84%.

У разрэзе груп мэдыяспажываньня:

  • сярод тых, хто адносіць сябе да актыўных тэлегледачоў, 81% хутчэй падтрымлівае «спэцапэрацыю» (доля тых, хто хутчэй супраць, — 11%);
  • сярод актыўных карыстальнікаў інтэрнэту колькасьць прыхільнікаў вайны памяншаецца да 45% (доля тых, хто хутчэй супраць, — 33%).

У разрэзе самаацэнкі матэрыяльнага становішча:

  • сярод тых, хто ацэньвае сваё матэрыяльнае становішча як добрае, — не падтрымліваюць вайну 15%, падтрымліваюць 75%;
  • як сярэдняе — не падтрымліваюць 17%, падтрымліваюць 71%;
  • як дрэннае — не падтрымліваюць 22%, падтрымліваюць 61%.

На пытаньне «Як Вы ў цэлым ставіцеся да спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на Украіне»:

  • 68% апытаных адказалі «хутчэй станоўча» — і гэта самы высокі працэнт, якога ўдавалася дасягнуць за ўвесь час апытаньняў УЦДГМ, пачынаючы зь лютага;
  • 18% апытаных ставяцца да вайны «хутчэй адмоўна» — самы нізкі працэнт зь лютага, калі паказчык складаў 27%;
  • адказ «хутчэй абыякава» выбралі 5% рэспандэнтаў;
  • не змаглі адказаць 9%.

У самай маладой групе рэспандэнтаў адказы на гэтыя пытаньні разьмеркаваліся пароўну: 37% на 37%, і 12% паведамілі аб сваёй абыякавасьці. У групе 25–34 года суадносіны склалі 33% на 45%, а доля абыякавых да вайны — 11%.

Як галасуе моладзь

Адна з самых паказальных высноваў, якія можна зрабіць на аснове апытаньня: маладыя расейцы настроены на спыненьне вайны, а іх стаўленьне да Пуціна ў сувязі са «спэцапэрацыяй» і санкцыямі мяняецца ня ў лепшы бок.

«За» перамовы замест працягу баявых дзеяньняў выступае большасьць сярод людзей маладога і сярэдняга ўзросту:

  • у групе 18–24 гады на карысьць перамоваў выказаліся 79% апытаных;
  • у групе 25–34 года — 56%;
  • у групе 35–44-гадовых — 46%.

Чым рэспандэнты старэйшыя, тым больш сярод іх лічаць, што Расеі трэба працягваць ваяваць: 54% у групе 45–59 гадоў і 57% у групе 60+.

За больш хуткае спыненьне баявых дзеяньняў таксама выступае ў асноўным моладзь — і зь вялікай перавагай у сваіх узроставых групах: у групах 18–24 гады і 25-34 гады за спыненьне баявых дзеяньняў як мага хутчэй выказваецца большасьць.

  • У першай групе гэта 56% супраць 19% прыхільнікаў працягу ваенных дзеяньняў.
  • У другой — 43% супраць 41%.

У больш узроставых групах прыхільнікаў працягу вайны больш: у групе 35–44 гады іх 52% супраць 34%, 45–59 гадоў — 70% супраць 21%, 60 гадоў і старэйшыя — 72% супраць 20%.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG