Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі запалоханыя, не расказваюць нікому пра свае суды». Чаму ў чарговай справаздачы «Вясны» рэкордна нізкія лічбы затрыманьняў


Суды па адміністрацыйных справах па-ранейшаму масава праходзяць па скайпе, нягледзячы на афіцыйную адмену супрацьковідных мераў па ўсёй Беларусі.

На пачатку ліпеня праваабарончы цэнтар «Вясна» апублікаваў чарговую справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі па выніках чэрвеня. Згодна з прыведзенымі там лічбамі, колькасьць затрыманых за месяц па палітычна матываваных справах у краіне склала каля 100 чалавек, а колькасьць вызваленых палітвязьняў перавысіла колькасьць новых — 28 супраць 19.

100 затрыманьняў за чэрвень — гэта ў два зь лішкам разы менш, чым у траўні. Тады «Вясна» зафіксавала больш за 260 палітычна матываваных арыштаў. Лічба 100 затрыманых найменшая за два апошнія гады (за выключэньнем месяцаў, па якіх няма дадзеных). Аднак, як патлумачыў у размове са Свабодай юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка, лічбы ў справаздачы зусім не азначаюць, што рэпрэсіі ў Беларусі пайшлі на спад.

«Людзі запалоханыя, не расказваюць нікому пра свае суды»

«Гэта азначае толькі тое, што нам стала вядома пра меншую колькасьць затрыманых, — кажа Павал Сапелка. — Пра спад рэпрэсій гаварыць нельга. Мы бачым, што прысуды па крымінальных справах штампуюцца стабільна. Стабільна выкарыстоўваюцца новыя склады злачынстваў, уведзеныя ў мінулым годзе, якія караюць за „дзейнасьць ад імя экстрэмісцкіх фармаваньняў“. А ў рэальнасьці — за дзеяньні, якія ня маюць ніякай грамадзкай небясьпекі, і хутчэй наадварот, часам нават грамадзка карысныя».

Па словах Паўла Сапелкі, адміністрацыйны перасьлед у Беларусі стаў сапраўднай «шэрай зонай». Улады ўсяляк спрабуюць зьменшыць магчымасьці кантролю за такімі судовымі працэсамі.

«Людзей затрымліваюць, судзяць па відэаканфэрэнцыі, — кажа праваабаронца. — Паведамленьняў пра такія працэсы часта ў раскладзе судоў няма. Людзі часта запалоханыя, не расказваюць нікому пра свае суды. Альбо яны кіруюцца яшчэ нейкімі прычынамі».

Як кажа Павал Сапелка, поўнай афіцыйнай статыстыкі па колькасьці адміністрацыйных правапарушэньняў і тым, якія зь іх менавіта былі зьдзейсьненыя, не існуе ўжо некалькі гадоў. Статыстыка не публікуецца ўжо вельмі даўно, апошні раз афіцыйныя лічбы па ранейшым артыкуле 23.34 агучвалі ў 2015–16 гадах. Але нават тады праваабаронцы крытычна ставіліся да афіцыйных лічбаў.

«Мы падазраём, што зараз рэальная колькасьць прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасьці ў Беларусі значна перавышае тыя лічбы, якія нам вядомыя, — кажа праваабаронца. — Зараз часам публікуецца статыстыка агулам па адміністрацыйных правапарушэньнях, але яна не дае нам уяўленьня пра сытуацыю».

«Суды па скайпе працягваюцца»

Як кажа праваабаронца, адміністрацыйныя суды па «палітычных» артыкулах па-ранейшаму масава праводзяць дыстанцыйна з дапамогай сродкаў сувязі, карыстаюцца Skype, Viber і іншымі праграмамі. Гэтая практыка не спынілася, нягледзячы на адмену большасьці супрацьковідных мераў, пасьля таго як пандэмія адступіла.

«Мы адразу казалі, што гэта ўсё не зьвязана ў рэальнасьці з супрацьдзеяньнем распаўсюду каранавірусу, — кажа Павал Сапелка. — Гэта спосаб вывесьці адміністрацыйны працэс з-пад увагі грамадзтва. Спрасьціць у нейкай ступені працу органам унутраных спраў. Каб яны не займаліся перавозкай абвінавачаных, напрыклад. Але гэта сур’ёзна парушае правы затрыманых. Пачынаючы з таго, што такі спосаб вядзеньня працэсу не апісаны ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Фармальнасьці не распрацаваныя. Спосаб забесьпячэньня відэатрансьляцыі разнастайны. У сваіх справаздачах мы адзначаем, што вельмі рэдка абвінавачаны задаволены якасьцю сувязі. Часта яны ўвогуле не разумеюць, што адбываецца, ня чуюць судзьдзі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG