Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 15 чалавек у дзень. Як вайна ва Ўкраіне паўплывала на колькасьць «палітычных» затрыманьняў у Беларусі


Затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў супраць расейскага нападу на Ўкраіну. Менск, 27 лютага 2022
Затрыманьні ўдзельнікаў пратэстаў супраць расейскага нападу на Ўкраіну. Менск, 27 лютага 2022

«Вясна» апублікавала чарговую справаздачу пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, за травень 2022 году. Свабода параўнала яе з ранейшымі.

Праваабаронцы «Вясны» працягваюць публікацыю штомесячных справаздач, дзе ацэньваюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Паводле атрыманых праваабаронцамі зьвестак, за мінулы месяц у Беларусі затрымалі сама меней 263 чалавекі. Дакладна вядома, што 42 зь іх атрымалі штрафы, а 43 — адміністрацыйныя арышты. Пры гэтым самі праваабаронцы прызнаюць, што гэтыя лічбы могуць быць няпоўныя.

Колькасьць затрыманьняў па палітычных артыкулах чэрвень 2020 – травень 2022
Колькасьць затрыманьняў па палітычных артыкулах чэрвень 2020 – травень 2022

Праца «Вясны» ўскладнілася, пачынаючы з чэрвеня 2020 году, а пасьля арышту кіраўніцтва арганізацыі ў ліпені 2021-га адсочваць рэальную карціну рэпрэсій у Беларусі стала яшчэ складаней.

«Гэта толькі тая інфармацыя, якая да нас даходзіць, — кажа юрыст „Вясны“ Павал Сапелка. — Яна далёка ня поўная. Хоць па некаторых пэрыядах мы маем больш поўныя зьвесткі. Напрыклад, калі мы зьбіралі інфармацыю пра затрыманьні падчас антываенных выступленьняў 26–27 лютага 2022 году, то нашыя дадзеныя былі блізкія да тых, якія агучвала МУС. Але, паўтаруся, нашыя зьвесткі зараз пэрыядычна больш блізкія да рэальнасьці, пэрыядычна менш. Больш дакладна мы адсочваем тэндэнцыю».

Павал Сапелка
Павал Сапелка

З апублікаваных «Вясной» штомесячных справаздач можна пабачыць, што колькасьць «палітычных» затрыманьняў у чэрвені — ліпені 2020 году была практычна такая самая, якая застаецца цяпер — 350–450 чалавек у месяц, прыкладна 15 выпадкаў кожны дзень. Колькасьць арыштаў вясной 2021 і 2022 гадоў прыкладна аднолькавая, што сьведчыць аб захаваньні маштабаў рэпрэсій.

«Зараз на судах не прысутнічаюць валянтэры „Вясны“, — расказвае Павал Сапелка, як сочаць за палітычнымі справамі на тэрыторыі Беларусі. — Ёсьць людзі, якія даюць нам зьвесткі з судоў. Гэта не заўсёды хутка і своечасова адбываецца. Гэта таксама не заўсёды тая інфармацыя, якую валянтэр чуў асабіста. Часам мы маем запісы з судовых паседжаньняў. Нам дасылаюць зьвесткі ў чат-бот. Мы наладзілі дывэрсыфікаваную плынь зьвестак зь Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі, якія абрынуліся і на нас. Нашыя зьвесткі можна суадносіць з рэальнымі».

За час дакумэнтаваньня «Вясной» колькасьці палітычных затрыманьняў былі і пікі. Першы зь іх прыпаў на падзеі жніўня 2020 году і наступныя месяцы. Тады сілавікі затрымлівалі сотні чалавек штодня. Наступны здарыўся ў сакавіку 2021 году і зьвязаны з магчымымі масавымі акцыямі пратэсту на Дзень Волі. Іх у выніку не адбылося, але сілавікі за месяц затрымалі звыш 1 100 чалавек. Для параўнаньня — у наступным красавіку праваабаронцам вядома толькі пра 304 затрыманьні.

Прыкладна на гэтым узроўні рэпрэсіі трымаліся да самага пачатку вайны ва Ўкраіне. Самым «лібэральным» стаў кастрычнік 2021 году, калі затрымалі 152 чалавекі. Але ўжо ў лютым 2022-га, паводле зьвестак праваабаронцаў, сілавікі затрымалі амаль тысячу чалавек — дакладна зафіксаваныя 952 выпадкі. Зьвесткі за кожны месяц вясны 2022 году адсутнічаюць, але ў сакавіку вядома пра 445 такіх затрыманьняў.

«Менш затрыманьняў, чым у нашых справаздачах, у рэальнасьці быць ня можа, — кажа Павал Сапелка. — Можа быць больш, нашыя зьвесткі часам дапаўняюцца пазьней. Яны больш дакладныя, калі ацэньваць колькасьць затрыманых альбо асуджаных на працягу году. Калі браць графічна, то колькасьць затрыманьняў выглядае амаль як узрастаючая прамая лінія на графіку. У адзін месяц можа быць больш, у другі менш. Але тым ня менш узровень рэпрэсій раўнамерна высокі. Як і колькасьць палітзьняволеных. Мы ведаем, што іх штомесяц будзе +50, +60 чалавек».

З пачатку чэрвеня 2020 году беларускія праваабаронцы зафіксавалі 25 638 выпадкаў палітычна матываваных затрыманьняў. Гэта прыкладна 35 чалавек на дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG