Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень паняволеных народаў у ЗША: беларусы ўзялі ўдзел у маршы, Байдэн згадаў «рэпрэсіўны рэжым у Беларусі»


Беларусы падчас Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку 17 ліпеня. Фота Вадзіма Васільева
Беларусы падчас Маршу паняволеных народаў у Нью-Ёрку 17 ліпеня. Фота Вадзіма Васільева

17 ліпеня ў Нью-Ёрку прайшоў Марш паняволеных народаў, які традыцыйна праводзіць у ЗША Камітэт паняволеных народаў. У ім узялі ўдзел і прадстаўнікі беларускай грамады ў ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў пэрыяд з 17 па 23 ліпеня 2022 году Тыднем паняволеных народаў (Captive Nations Week). Напярэдадні сайт Белага дому апублікаваў заяву кіраўніка дзяржавы.

Як зазначыў Байдэн, цяпер назіраюцца трывожныя тэндэнцыі: «жорсткае ўварваньне аўтакратычных нацый на тэрыторыю сваіх суседзяў, адступленьне ад дэмакратычных каштоўнасьцяў..., паўсюдныя парушэньні правоў чалавека».

«Рэпрэсіўныя рэжымы ў Расеі, Іране, Беларусі, Сырыі, Кубе, Вэнэсуэле, Нікарагуа, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы, Кітайскай Народнай Рэспубліцы і іншых краінах усё часьцей імкнуцца падпарадкаваць сабе ня толькі тых, хто знаходзіцца ў іхных уласных межах, але і тых, хто знаходзіцца ў іншых краінах. Яны перасякаюць межы, каб сачыць, турбаваць, пагражаць і нават забіваць праваабаронцаў, работнікаў СМІ і цывільных асоб у іншых сувэрэнных краінах. Дэмакратыі сьвету павінны аб'яднацца і прадэманстраваць сілу нашай рашучасьці пакласьці канец гэтай несправядлівасьці», — адзначаецца на сайце Белага дома.

Прэзыдэнт ЗША выказаў агульную салідарнасьць з праваабаронцамі і прыхільнікамі дэмакратыі ва ўсім сьвеце, якія «рызыкуюць сваім жыцьцём дзеля правоў іншых».

Прадстаўнікі беларускай грамады Амэрыкі бралі ўдзел у імпрэзах Камітэту Паняволеных Народаў ад самага яго ўтварэньня.

«Сёньня, калі мы бачым, што Беларусь знаходзіцца пад расейскай вайсковай акупацыяй і паняволеная дыктатурай Лукашэнкі, якая дазволіла гэтую акупацыю, мы мусім падтрымаць таксама нашых братоў ва Ўкраіне, частка якой акупаваная і паняволеная расейскімі агрэсарамі», — напісаў у Facebook адзін зь беларускіх удзельнікаў маршу.

  • Тыдзень паняволеных народаў (Captive Nations Week) — гэта штогадовы комплекс масавых мерапрыемстваў, першапачаткова накіраваны на прыцягненьне ўвагі грамадзкасці да праблемы «паняволеных народаў, якія знаходзяцца пад кантролем камуністычных рэжымаў». Згодна з гэтым законам, прынятым у 1959 годзе, прэзыдэнт ЗША ўпаўнаважаны абвяшчаць «Тыдзень паняволеных народаў» штогод — да таго часу, пакуль усе яны не здабудуць свабоду і незалежнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG