Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ва Ўкраіне: расейскія войскі абстралялі Адэсу, Чугуеў, Дніпро, Мікалаеў і Нікапаль


Наступствы абстрэлу Дняпра
Наступствы абстрэлу Дняпра

Украінскія ўлады паведамляюць, што ўначы і раніцай 16 ліпеня расейскія войскі абстралялі Мікалаеў, Адэсу, Чугуеў і Нікопаль.

У Адэсе пасьля абстрэлу ўспыхнуў моцны пажар. Пазьней сьпікер абласной адміністрацыі Сяргей Братчук паведаміў, што ўдар быў нанесены па складзе. У апэратыўным камандаваньні «Поўдзень» удакладнілі, што пашкоджаньні атрымаў цывільны аб’ект. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

Удар па Мікалаеве быў нанесены каля чатырох гадзін раніцы. Як паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Віталь Кім, інфармацыя аб разбурэньнях і пацярпелых удакладняецца.

У Чугуеве Харкаўскай вобласьці ў выніку начнога ракетнага абстрэлу каля 03:20 ёсьць пацярпелыя. Як паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў, загінулі двое мужчын 60 і 68 гадоў і 70-гадовая жанчына, яшчэ тры чалавекі атрымалі раненьні, іх шпіталізавалі. Разбураныя адна са школ горада, крама будаўнічых матэрыялаў і некалькі жылых дамоў, піша агенцтва УНІАН. Ратавальнікі разьбіраюць завалы.

Раніцай 16 ліпеня расейскія вайскоўцы атакавалі жылыя кварталы Нікапаля Днепрапятроўскай вобласьці. Старшыня Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Розьнічэнка заявіў, што расейскія войскі выпусьцілі з «Градаў» 53 ракеты па жылых кварталах.

«У Нікапалі ратавальнікі дасталі з-пад завалаў дома целы двух загінулых ад варожых абстрэлаў. Адна параненая жанчына цяпер у бальніцы. Яе стан мэдыкі ацэньваюць як сярэдні», — напісаў Разьнічэнка.

У выніку ракетнага абстрэлу Дніпра расейскімі войскамі ўвечары 15 ліпеня, папярэдне, тры чалавекі загінулі, яшчэ 15 атрымалі раненьні, паведаміў старшыня Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Тым часам колькасьць ахвяраў ракетнага ўдару па Віньніцы 14 ліпеня вырасла да 24 чалавек, паведаміў кіраўнік ВІньніцкай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Барзоў.

«На жаль, яшчэ адна жанчына памерла сёньня ў бальніцы — 85% апёкаў. Працягваюць лячэньне 68 пацярпелых, сярод якіх 4 дзяцей», — напісаў ён.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG