Дзяржкантроль правярае беларускія крамы ўжо некалькі месяцаў, сярод асноўных праблем называюць павышэньне цэнаў. Але цэны ўсё адно растуць. Глядзім, на колькі і як хутка.
Гадавая інфляцыя ў траўні ў Беларусі наблізілася да рэкордных 18%. Дзяржкантроль рапартуе пра рост цэнаў, але тыя расьці не перастаюць.
«Асноўны ўплыў на інфляцыю аказала падаражэньне тавараў і сыравіны для іх вытворчасьці на фоне аслабленьня беларускага рубля да валюты асноўнага гандлёвага партнэра — Расейскай Фэдэрацыі. Захоўваецца ціск на спажывецкі рынак ад павелічэньня сярэдніх цэнаў імпарту на фоне росту сусьветных цэнаў, цэнаў у сумежных краінах, краінах — асноўных гандлёвых партнэрах», — так тлумачаць рост цэнаў у Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Глядзім, што даражэе найбольш з пачатку году.
Гародніна і садавіна
У параўнаньні са студзенем морква падаражэла на 37%. На пачатку году яна каштавала 1,41 рубля за кіляграм, а ў чэрвені — 2,24 рубля, паведамляе Белстат.
Салодкі перац за 6 месяцаў падаражэлі на 26%, цыбуля за гэты час падаражэла на 46%. Бульба вырасла ў цане на 24,3%.
Чыноўнікі кажуць, што ў інфляцыі вінаватыя цэны на імпарт, але ўсе гэтыя прадукты растуць і ў Беларусі.
А вось прывазная садавіна падаражэла менш. Бананы вырасьлі ў цане на 14%, вінаград — на 35%, цытрусавыя — на 18,7%, яблыкі — на 25%.
Мяса і рыба
Жывая рыба (звычайна гэта карп, якога разводзяць у Беларусі) падаражэла за паўгода на 31,5%. А вось прывазная марожаная рыба — толькі на 16,5%.
Бескасьцёвая сьвініна за паўгода падаражэла на 5,8%, ялавічына — на 6%. Кураціна амаль не зьмянілася ў цане — плюс 1,1% за паўгода.
Яйкі і крупы
Яйкі падаражэлі за паўгода на 4,27%, грэчка — на 13%, ячныя крупы — на 6,3%. Мука вырасла ў цане за 6 месяцаў на 16%, макарона — на 17%, вэрмішэль — на 20%.
Малочныя прадукты
Малако за паўгода падаражэла на 1,1%, сьмятана — на 6,8%, кефір патаньнеў на 4,6%.
Кава, гарбата і ласункі
Кава за паўгода прыбавіла ў цане 28%, гарбата — 24,6%. Печыва за 6 месяцаў падаражэла на 18,3%, вафлі — на 26%, зэфір — на 20%.