Вайна Расеі супраць Украіны прывяла да пераасэнсаваньня палітыкі бясьпекі ў грамадзянаў Швайцарыі — паведамляе DW.
Курс на збліжэньне краіны з NATO знайшоў бы рэкордную падтрымку ў 52% швэйцарцаў. Пра гэта сьведчаць дадзеныя сацыялягічнага дасьледаваньня, вынікі якога апублікаваныя Швайцарскай вышэйшай тэхнічнай школай Цюрыху.
Разам з тым колькасьць прыхільнікаў наўпроставага ўступленьня краіны ў Паўночнаатлянтычны альянс па-ранейшаму захавалася на ўзроўні 27%.
Паводле апытаньня, доля швайцарцаў, якія падтрымліваюць традыцыйны нэўтралітэт краіны, зьнізілася ў параўнаньні са студзенем на 8 адсоткавых пунктаў — да 89%. Гэта было самае значнае зьніжэньне за 20 гадоў. Толькі 58% рэспандэнтаў перакананыя ў тым, што нэўтралітэт Швайцарыі абараняе краіну ад міжнародных канфліктаў. У студзені іх колькасьць складала 69%.
Расейская агрэсія супраць Украіны ўзмацніла таксама падтрымку насельніцтвам войска ў Швайцарыі. Паводле апытаньня, толькі трое з дзесяці рэспандэнтаў лічаць, што вайсковыя выдаткі іх краіны занадта высокія. Гэта найніжэйшы паказчык з пачатку правядзеньня апытаньняў у 1980-х гадах.
Узброены нэўтралітэт зьяўляецца адным з асноўных прынцыпаў зьнешняй палітыкі Швайцарыі. Краіна не ўдзельнічала ні ў водной вайне з 1815 году. Нэўтралітэт Швайцарыі азначае, што яна будзе выкарыстоўваць свае ўзброеныя сілы ў мэтах самаабароны для абароны сваёй незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці, але не для забесьпячэньня інтарэсаў, якія выходзяць за рамкі самаабароны.