Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзіла Някляева, адправіла за краты студэнта. Што вядома пра судзьдзю з працэсу Дашкевічаў


Судзьдзя Тацяна Пірожнікава
Судзьдзя Тацяна Пірожнікава

Прысуд Зьмітру і Насьце Дашкевічам агучылі ў судзе Маскоўскага раёну Менску. Пару асудзілі за ўдзел у маршы пратэсту ў жніўні 2020 году.

Працэс вяла судзьдзя Тацяна Пірожнікава. 14 ліпеня яна вынесла вырак: Зьмітра асудзіць на 1,5 года калёніі, Насту пакараць 3 гадамі «хатняй хіміі».

Зьмітра і Насту Дашкевічаў сілавікі затрымалі сёлета 23 сакавіка. У апошнім слове Зьміцер сказаў, што пры затрыманьні яго білі на вачах цяжарнай жонкі. Неўзабаве яе адпусьцілі да суду дадому, сам Зьміцер увесь гэты час заставаўся пад вартай. Працэс у справе сужэнцаў пачаўся ў Маскоўскім судзе Менску 11 ліпеня і скончыўся ў гэты ж дзень спрэчкамі бакоў. Зміцер выступіў на працэсе з апошнім словам, а дзяржаўная абвінаваўца запрасіла для абаіх сужэнцаў па 1,5 года пазбаўленьня волі.

Нядаўна ў сужэнцаў нарадзіўся сын. Старэйшай дачцэ Дашкевічаў Мары — 8 гадоў, сыну Давіду — 6, дачцэ Магдалене — 3 гады.

Прысуд Дашкевічам агучылі ранкам 14 ліпеня. Абаіх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў маршы пратэсту 23 жніўня 2020 году і пакаралі: Зьмітра на на 1,5 года калёніі, Насту на 3 гады «хатняй хіміі». Свабода расказвае пра судзьдзю і пракурорку, якія ўдзельнічалі ў працэсе.

«Пракурорку закранулі словы пра тое, што ёй немагчыма будзе дараваць»

Пра дзяржаўную абвінаваўцу на працэсе Дашкевічаў вядома няшмат. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», гэта памочніца пракурора Маскоўскага раёну Менску з прозьвішчам Еліскевіч. Тое, што пракуратуру на судзе ў справе Дашкевічаў прадстаўляе менавіта памочніца пракурора, пацьвердзіла Свабодзе і крыніца з судовага паседжаньня.

«Маладая жанчына, — паведаміла суразмоўца. — Яна памочніца пракурора. Было відаць, што словы Зьмітра (яго апошняя перад вынясеньнем выраку прамова. — РС) яе закранулі. Зьміцер сказаў, што ёй немагчыма будзе дараваць. Як мне здалося, пракурорка раззлавалася на гэта. Яны ўсе такія бусечкі звонку заўсёды. Дашкевіч яшчэ сказаў, што лепш бы яны былі ў абліччах зьвяроў на працэсе. Але пракурорка сваё патрабаваньне (пакараць Дашкевічаў тэрмінам 1,5 года пазбаўленьня волі абаіх. — РС) зачытала суха і коратка. І выразна».

Прозьвішча Еліскевіч на гучных палітычных працэсах раней ня згадвалася. Няма яго і на сайце пракуратуры Маскоўскага раёну Менску, якую ўзначальвае Віктар Шабан. Паводле разьмешчаных там зьвестак, у гэтай пракуратуры працуе 17 чалавек. У графіку прыёму пракурорскімі работнікамі грамадзян трапляюцца прозьвішчы пяці памочнікаў Шабана, аднак не Еліскевіч.

Судзіла Ўладзімера Някляева і Вольгу Залатар, адправіла за краты студэнта

Імя судзьдзі Тацяны Пірожнікавай больш вядомае. Яна ўдзельнічала ў палітычна матываваных працэсах, пачынаючы з 2016 году, аднак да 2020 году яе рашэньні ў такіх справах абмяжоўваліся штрафамі, у тым ліку вядомым людзям. Паводле плятформы «Зубар», напрыклад, штраф ад Пірожнікавай у красавіку 2017 году атрымаў Уладзімер Някляеў. Прычынай стаў удзел палітыка ў пікеце ля ізалятара на завулку Акрэсьціна.

Пачынаючы з 2020 году, Тацяна Пірожнікава шмат разоў выносіла выракі па палітычна матываваных справах, адміністрацыйных і крымінальных. У лютым 2021 году прысудзіла штраф шматдзетнай маці і будучай палітзьняволенай Вользе Залатар. А ўжо празь месяц асудзіла на 4 гады пазбаўленьня волі 21-гадовага студэнта БДУ Івана Дацышына, абвінавачанага ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пірожнікава прысудзіла хлопцу роўна столькі, колькі прасіў пракурор.

У траўні 2021 году Пірожнікава асудзіла музыку Аляксея Санчука на тэрмін 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Санчука абвінавачвалі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і падбухторваньні да злачынстваў іншых. Сваю віну ён прызнаў часткова. Як і ў выпадку са студэнтам Дацышыным, Пірожнікава прысудзіла Санчуку роўна столькі, колькі прасіў пракурор. Агулам, паводле зьвестак плятформы «Зубар», Тацяна Пірожнікава была заўважаная больш як на 70 палітычна матываваных працэсах.

«Маладая жанчына, як і абвінаваўца, — расказаў у размове са Свабодай чалавек, які быў на працэсе Дашкевічаў. — На працягу прамовы Зьмітра сядзела нерухома, ніякіх эмоцый не праяўляла».

«Удвайне злачынна»

Па словах юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, пазбаўленьне волі па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу — гэта двайное злачынства з боку праваахоўных органаў.

«Агулам артыкул 342 (паводле якога судзілі Дашкевічаў. — РС) прадугледжвае альтэрнатыву пазбаўленьню волі, — кажа Павал Сапелка. — І прызначаць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі па 1-й частцы артыкула 342 — гэта ўдвайне злачынна. Таму што, па-першае, гэта парушае права на мірныя сходы. А па-другое, гэтае „злачынства“ адносіцца да менш цяжкіх. І суду трэба вельмі салідна абгрунтаваць, чаму пры наяўнасьці іншых відаў пакараньня ён выбірае менавіта пазбаўленьне волі».

Юрыст акцэнтуе ўвагу на тым, што пазбаўляць волі па гэтым артыкуле варта толькі ў тым выпадку, калі недасяжныя іншыя меры ўзьдзеяньня на абвінавачанага. У першую чаргу гэта тычыцца крымінальнікаў-рэцыдывістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG