На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае ўкраінскі палітоляг, кіраўнік Цэнтру прыкладных палітычных дасьледаваньняў «Пэнта» Уладзімір Фясенка.
Сьцісла
- Украінскі ўдар па тэрыторыі Беларусі зараз выключаны.
- Украіне не патрэбен другі фронт.
- Наш вораг — Лукашэнка, а беларускі народ — не.
- Украіна пазьбягае нават атак тэрыторыі РФ, нашая задача — вызваленьне нашых акупаваных тэрыторыяў.
- Дзеяньні Лукашэнкі значна больш асьцярожныя, чым ягоная рыторыка.
- Пуцін хоча зрабіць беларусаў «гарматным мясам».
- Увязаўшыся ў вайну, Лукашэнка рызыкуе атрымаць ваенную паразу, а гэта для яго — шлях да палітычнай катастрофы.
- Пятляньне — тактыка Лукашэнкі ў адносінах з Пуціным, гэта тычыцца і вайны, і «саюзнай дзяржавы».
- Калі б Пуцін перамагаў, то Лукашэнка пайшоў бы на вайну і, магчыма, адхапіў бы кавалак Украіны.
— Украіне варта наносіць удары па аэрадромах на тэрыторыі Беларусі, лічыць украінскі генэрал Сяргей Крыванос, былы намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і першы намесьнік камандуючага Сіл спэцапэрацый у 2016–2019 гадах.
Якія аргумэнты за і супраць удару Ўкраіны па расейскіх вайсковых абʼектах у Беларусі?
— Я скажу бяз «за» і «супраць» — такі сцэнар для ўкраінскіх вайскоўцаў зараз выключаны.
Ва Ўкраіне выдатна разумеюць, што і вучэньні ў Беларусі, і пагрозьлівыя заявы — гэта правакаваньне ўкраінскага боку на ўдар у адказ, які можна было б скарыстаць, як нагоду для ўцягваньня Беларусі ў прамыя баявыя дзеяньні супраць Украіны.
Нам не патрэбен другі фронт. У нас свае задачы, нам трэба адбіваць расейскі наступ, найперш на ўсходзе. Украіна не зацікаўленая ў вайне супраць Беларусі. І ня толькі таму, што ў нас ёсьць вораг, зь якім мы вядзём вайну з 2014 году, а поўнамаштабна — зь лютага гэтага году. Нам трэба абараняць сваю тэрыторыю.
І другая прычына, чаму мы ня хочам ваяваць зь Беларусьсю — таму што гэта братэрскі народ. Наш вораг — гэта Лукашэнка, які дапамагае Пуціну і дае тэрыторыю Беларусі для вайны супраць Украіны.
А беларускі народ для нас ня вораг. На вайне немагчыма пазбавіцца ад эмоцыяў. Нягледзячы на крыўду і нянавісьць, якія ёсьць у мільёнаў украінцаў да расейцаў, Украіна пазьбягае атак расейскай тэрыторыі.
Калі нешта і залятае ў памежных рэгіёнах, гэта зьвязана са ўзаемнымі абстрэламі і з актыўнымі баявымі дзеяньнямі. Часам гэта партызанскія дзеяньні, часам — эксцэсы людзей, якія парушаюць правілы бясьпекі.
Афіцыйная пазыцыя Ўкраіны — зараз не ідзе гаворкі аб перанясеньні ваенных дзеяньняў на тэрыторыю ворага. Нашая задача — гэта вызваленьне акупаваных тэрыторыяў.
Афіцыйнай вайны паміж Украінай і Беларусьсю няма. Мы выдатна ведаем, што Лукашэнка дае тэрыторыю Беларусі для запускаў ракет. Але, каб не дапусьціць вайны супраць Беларусі, Украіна пазьбягае ваенных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі.
Але калі рэжым Лукашэнкі пачне ваенныя дзеяньні супраць Украіны, то далейшыя дзеяньні могуць быць рознымі. Украінцы ня хочуць ваяваць зь беларусамі. Аб гэтым сказаў Зяленскі, гэта пазыцыя большасьці ўкраінцаў. Але калі на нас нападуць, то мы будзем адказваць.
Задача беларусаў — не дапусьціць гэтай братазабойчай вайны.
— Ці правільна я зразумеў вашую пазыцыю: што б Расея ні рабіла з тэрыторыі Беларусі, Украіна ня будзе атакаваць беларускую тэрыторыю? Можа атакаваць толькі тады, калі бот беларускага салдата пераступіць мяжу. Так?
— Так, менавіта. Украіна не наносіць ніякіх удараў па тэрыторыі Беларусі і не зьбіраецца гэтага рабіць. Адказнасьць за ракетныя ўдары па Ўкраіне, за напады на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі ляжыць на Лукашэнку.
— На пачатку вайны сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў ня выключыў магчымасьці ўдараў у адказ па тэрыторыі Беларусі. «Калі будзе загад Зяленскага», — патлумачыў ён тады. Пазьней шэраг вайсковых экспэртаў, той жа цытаваны генэрал Крыванос, гаварылі, што гэта і справядліва і мэтазгодна.
— Неафіцыйныя асобы могуць выказваць свае прыватныя думкі. Дыскусіі пра тое, як весьці вайну, у сацыяльных сетках вядуцца. У нас ёсьць людзі, які лічаць, што трэба наносіць удары па Расеі, па Крымскім мосьце. Пра Беларусь, дарэчы, гавораць значна радзей.
Пад эмоцыямі вайны людзі гавораць рознае.
Што тычыцца заяваў Данілава, то ён шчыра прызнаўся, што зрабіў пэўныя памылкі — перад вайной ён не чакаў, што будзе ўдар з тэрыторыі Беларусі. Магчыма, гэты чыньнік фармуе ў яго пэўнае стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі.
Тое, што ён тады сказаў, — гэта была не афіцыйная пазыцыя, а намёк. Данілаў любіць пайграць на публіку. Днямі Пуцін заявіў, што Расея ва Ўкраіне яшчэ ўсурʼёз і не пачынала. Данілаў у адказ сказаў, што і Ўкраіна яшчэ ўсурʼёз таксама не пачынала.
Афіцыйная пазыцыя Ўкраіны — мы ніякіх удараў па тэрыторыі суседніх краінаў наносіць не зьбіраемся.
— У чэрвені Лукашэнка папярэдзіў Украіну: «Калі яны ўдараць па Мазыры, то мы ўдарым па Кіеве, не заходзячы ва Ўкраіну». А 2 ліпеня ён паведаміў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны нібыта спрабавалі нанесьці ўдар па вайсковых аб’ектах Беларусі, але ўсе ракеты былі перахопленыя.
На ваш погляд, каму было адрасаванае апошняе паведамленьне? Калі Ўкраіна сапраўды нанесла ўдары па тэрыторыі Беларусі, дык чаму ж не было абяцанага адказу?
— Лукашэнка любіць яскравае слоўца. На словах ён герой. А вось дзеяньні яго значна больш асьцярожныя, чым ягоная рыторыка. Ён разумее, чым можа скончыцца ваенная авантура з удзелам Беларусі.
Я неаднаразова параўноўваў Лукашэнку з Мусаліні. Мусаліні на словах таксама быў вялікі герой. Але ён аказаўся ахвярай вайны, у якую ён уплішчыўся. У выніку вайна прыйшла ў ягоную краіну, а яго павесілі дагары нагамі.
Лукашэнка разумее — калі пачнецца вайна зь непасрэдным удзелам Беларусі, то рызыкі ваеннай паразы Беларусі будуць велізарныя. У расейцаў цяпер не хапае сілаў па ўсіх франтах. Яны сканцэнтравалі большую частку сілаў на адным-двух участках на Данбасе.
Пуцін зацікаўлены ў чужых вайсковых рэсурсах. Ён выкарыстоўвае як «гарматнае мяса» жыхароў так званых «ЛДНР». Значная частка расейскіх стратаў — гэта жыхары Данбасу, якіх мабілізавалі на гэтую вайну.
Мне здаецца, што Пуцін хоча зрабіць «гарматным мясам» і беларусаў. Ён хоча, каб беларусы гінулі замест расейцаў.
Лукашэнка разумее, што беларуская армія ня ў тым стане, каб перамагчы ўкраінцаў. Ён перад вайной казаў, што ўкраінцы з драўлянымі аўтаматамі бегаюць. А ў красавіку-траўні ставіў сваім вайскоўцам у прыклад украінскае войска.
Увязаўшыся ў вайну, ён рызыкуе атрымаць ваенную паразу. А гэта для яго — шлях да палітычнай катастрофы.
Ён спрабуе стаць новым Жырыноўскім. Лукашэнка больш яскравы, чым Мядзьведзеў.
Па тых апытаньнях, якія я бачыў, беларусы ня хочуць вайны. І Лукашэнка гэта ведае. Ягоныя расповеды пра ўяўныя ўкраінскія напады адрасаваны расейцам, расейскім СМІ.
Слоўнай дымавой заслонай ён прыкрывае сваё нежаданьне гуляць у ваенную гульню Пуціна. Той жа тактыкай ён карыстаецца ў сваім пятляньні наконт «саюзнай дзяржавы». Гэта ягоная тактыка ў стасунках з Пуціным.
Сваім фанфаронствам ён спрабуе прыкрыць свой страх.
— Як вы лічыце, усё ж беларуская армія пойдзе на вайну?
— Лукашэнка каля «чырвонай рысы». На жаль, рызыка ёсьць. Мы ня ведаем, наколькі ён прыціснуты да сьценкі. У Расеі ёсьць прамыя каналы ўплыву на беларускія сілавыя структуры.
Лукашэнка пайшоў бы на вайну супраць Украіны, калі б ён бачыў, што Пуцін перамагае. Тады б ён пайшоў ваяваць, каб быць сярод пераможцаў, а можа, і адхапіць кавалак Украіны.
Але ва ўмовах, калі ёсьць рызыка прайграць, то ягоная «чуйка», палітычны інстынкт, будзе стрымліваць яго ад непасрэднага ўдзелу ў вайне.