Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі генэрал: Канфлікт на мяжы зь Беларусьсю амаль непазьбежны


Сяргей Крыванос, былы намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны
Сяргей Крыванос, былы намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны

Украіне варта наносіць удары па аэрадромах на тэрыторыі Беларусі, лічыць украінскі генэрал Сяргей Крыванос, былы намесьнік сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і першы намесьнік камандуючага Сіл спэцапэрацый у 2016–2019 гадах.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Новое время». Прапануем вашай увазе частку інтэрвію, якая тычыцца Беларусі.

— Як вы лічыце, ці трэба Ўкраіне ўжываць зброю па аэрадромах у Беларусі, адкуль узьлятаюць самалёты, якія абстрэльваюць нашы гарады?

— Пытаньні дыпляматычнага і ваеннага кірунку. Я як вайсковец магу адказаць: я б зьнішчыў тэхніку на беларускіх аэрадромах, таму што яны не беларускія — гэтыя аэрадромы цалкам аддадзеныя расейцам, пэрсанал там расейскі, ахоўваюць гэтыя аэрадромы расейцы і пэрымэтар 5 кілямэтраў вакол аэрадрома ўжо расейскі — ніводнага беларуса, ні вайскоўца, ні цывільнага. Мы будзем зьнішчаць на тэрыторыі Беларусі непасрэдна расейскія базы, якія зьяўляюцца расейскай тэрыторыяй. Давайце так дыпляматычна пабудуем адказ.

— Я так разумею, вы лічыце, што і аэрадромы на расейскай тэрыторыі, адкуль узьлятаюць самалёты, таксама зьяўляюцца аб’ектамі для Ўзброеных сілаў Украіны?

— Адназначна. Ня столькі аэрадромы, як тэхніка на гэтых аэрадромах.

— Адносна Беларусі — цяпер многія занепакоеныя тым, што адтуль можа адбыцца ўварваньне або расейска-беларускія дывэрсійна-выведныя групы могуць зайсьці. З аднаго боку, ёсьць разуменьне, што на гэты момант там няма столькі сіл і тэхнікі; з другога боку, унутры краіны да гэтага сцэнара рыхтуюцца. Як вы ацэньваеце імавернасьць таго, што зь Беларусі можа быць уварваньне наземнае?

— Як дастаткова высокую. Я ўжо неаднаразова казаў, што за апошнія 20 гадоў расейска-ўкраінскіх адносін — і баявых, і цывільных, і ў мірны час — расейцы штогод праводзілі бягучыя стратэгічныя вучэньні, і першым пытаньнем была трэнінг перакідваньня асабовага складу і тэхнікі на вялікія адлегласьці. Таму нарасьціць свае рэсурсы на любым участку расейска-ўкраінскай вайны яны могуць, і тое, як хутка яны перакінулі тэхніку з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай абласьцей у раён Данбасу, паказала, што яны ўмеюць гэта рабіць. Ня трэба недаацэньваць ворага. Трэба разумна глядзець і разумець ягоныя слабыя і моцныя бакі. Расейцы здольныя ўвязацца спачатку ў памежныя баі ўздоўж украінска-беларускай мяжы — нагадаю, гэта 1086 км, вялікі ўчастак. І ім гэтыя баі патрэбныя, каб адцягнуць частку нашых сіл і сродкаў, якія цяпер на ўсходзе Украіны, або каб расьцягнуць нашы рэзэрвы і недзе нарошчваць намаганьні. Чым больш яны нас расьцягваюць, тым больш у іх перавагі за кошт колькаснай перавагі ў тэхніцы, асабліва ў артылерыі.

— Але я правільна разумею, што, перш чым пачнецца нейкая актыўнасьць на мяжы зь Беларусьсю, нашая выведка павінна ўбачыць, што расейцы перакідваюць у той раён тэхніку з таго ж Данбасу, напрыклад?

— Не. Тэхніка ўжо там знаходзіцца, роўна як і частка сілаў і сродкаў, якія былі перакінуты туды невялікімі групамі ўжо даўно. У іх ёсьць сілы і сродкі, якія дазволяць пачынаць баявыя дзеяньні на ўкраінска-беларускай мяжы, не чакаючы буйных падмацаваньняў. Там ёсьць каму нападаць на нас.

Плюс мабілізацыйныя зборы, якія пачаліся ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь з чэрвеня, таксама дазваляюць выкарыстоўваць іх патэнцыял. Нагадаю, што мабілізацыйны патэнцыял Рэспублікі Беларусь — гэта 340 тысяч, плюс самі Ўзброеныя сілы 56 тысяч. Гэта практычна 400 тысяч войскаў. Сухапутны кампанэнт, вядома, значна меншы, але між тым у іх ёсьць чым ваяваць супраць нас. Пытаньне ў маральным духу. Тыя, хто служаць непасрэдна ва Ўзброеных сілах — кадравыя, вельмі добра прамытыя прапагандай і беларускай, і расейскай на карысьць Расеі. Тыя, хто прызваны з рэзэрвы і хто часта бываў на тэрыторыі нашай краіны, разумеюць непатрэбнасьць гэтай вайны для беларускага народу, і многія зь іх, калі пачнуцца баявыя дзеяньні, хутчэй, будуць здавацца ў наш палон. Але ня трэба расслабляцца, трэба рыхтавацца да вайны, і кожны населены пункт уздоўж мяжы на вялікую глыбіню павінен мець свае інжынэрныя збудаваньні — доты, дзоты, бліндажы, мінныя палі. Я аб гэтым папярэджваў яшчэ з красавіка. Гэта робіцца, але мне хацелася б, каб у вялікіх абʼёмах.

— Гэта значыць, вы лічыце гэты сцэнар фактычна непазьбежным?

— 98%, што ўсё ж такі памежны канфлікт будзе. Ці разрасьцецца ён у прамую агрэсію — будзе залежаць ад пасьпяховасьці дзеяньняў нашых войскаў. Калі мы адразу дамо адпор і набʼём морду акупантам, яны адкоцяцца назад.

— Пад пагрозай цяпер усе вобласьці, якія мяжуюць зь Беларусьсю?

— Ну гэта пытаньне такое творчае. Выведнік заўсёды адказвае: імаверным характарам дзеяньняў суперніка можа быць... Дык вось і я кажу — можа быць, а можа і ня быць. У першую чаргу, гэта кірунак Ковеля, таму што адна з магутных брыгад можа нападаць зь Берасьця на Ковельскім кірунку, іншыя падразьдзяленьні — на тэрыторыю Ровенскай, Жытомірскай і Кіеўскай абласьцей, плюс Чарнігаўская, дзе можа аднавіцца наступ на Чарнігаў і баі ў раёне гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG