Аляксандар Лукашэнка на пачатку чэрвеня заявіў пра стварэньне «народнага апалчэньня». Такое рашэньне ён патлумачыў «нэгатыўным украінскім досьведам».
«Нам на ўсялякі выпадак трэба мець пры кожным сельскім савеце такое народнае апалчэньне, няшмат, чалавек 50», — расказаў ён.
Для чаго ў вёсках народнае апалчэньне?
Лукашэнка заявіў, што ўдзельнікі «народнага апалчэньня» мусяць мець зброю «недзе на складзе».
«Мы іх прызываем для навучаньня: яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, кулямёт, гранатамёт), каб маглі абараніць свой дом», — казаў ён.
У выпадку ваенных дзеяньняў атрады народнага апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух», быць «рэзэрвам для тэрытарыяльнай абароны».
Атрады народнага апалчэньня, згодна з загадам Лукашэнкі, мусілі навучыць «валоданьню асноўнымі відамі зброі».
Як прайшло фармаваньне і навучаньне «апалчэнцаў»?
«Для мяне гэта быў чарговы цырк. Вяскоўцам прыслалі позвы. Потым сабралі іх у сельскім савеце. Разьмеркавалі ролі — хто будзе, „калі што раптам“, днявальным, хто — пасыльным. Падпісалі адпаведныя бэджыкі і павесілі на людзей. Формы ці зброі, зразумела, ніхто не выдаваў», — расказаў адзін зь вяскоўцаў, які жыве ў Гомельскай вобласьці.
Ён кажа, што «апалчэнцы» чакалі нейкага вайскоўца з раёну, але пакуль ён не прыехаў.
«Заданьні для „апалчэнцаў“ былі такога кшталту: „раптам што“ — развозіць позвы па вёсцы. Яшчэ некалькі разоў зьбіраліся ў сельскім савеце, але „буйнамаштабныя“ вучэньні цяпер наўрад ці магчыма правесьці — у вёсцы гарачая пара: сенакос, уборка збожжавых. Няма калі на крэслах з бэджыкамі ў сельсавеце сядзець», — кажа вясковы жыхар.
Што цяпер з вайсковай прысутнасьцю расейцаў на Гомельшчыне?
Жыхар Гомля расказаў Свабодзе, што ў горадзе практычна не відаць расейскай вайсковай тэхнікі. Калі і праяжджаюць вайсковыя грузавікі, то з «чырвоным квадратам» на борце. Так абазначаюць сябе Узброеныя сілы Беларусі.
«У асноўным расейцы засталіся на аэрадроме ў Зябраўцы. Раней ён называўся „былы ваенны“, цяпер зноў стаў „ваенным“. Там устаноўкі С-300 і С-400, там жа і расейскія вайскоўцы. Туды нікога не пускаюць. Раней там зьбіраліся гомельскія аўтааматары, ладзіліся розныя спаборніцтвы, актыўнасьці», — патлумачыў жыхар Гомля.
Але, паводле ягоных назіраньняў, у горадзе шмат «цывільных» расейцаў на аўтамабілях з нумарамі Бранскай вобласьці і Масквы.
«Хутчэй за ўсё, яны едуць па пакупкі, у нейкіх сваіх справах. Бачыў, што часта аўта з расейскімі нумарамі стаяць ля „Макдональдса“. Таксама ў Гомлі працуюць фірмовыя крамы тых брэндаў, якія пакінулі Расею. Тут расейцы затаварвацца модным адзеньнем», — дадаў жыхар Гомля.
Жыхары Мазыра сьведчаць, што ў горадзе цяпер вельмі рэдка бачаць расейскіх вайскоўцаў.
«Яны стаяць за горадам, у раёне вёскі Прудок. Там у іх узбраеньне, СПА і так далей», — паведаміў жыхар Мазыра.
У горадзе, паводле яго, раз-пораз зьяўляюцца вайсковыя грузавікі УС Беларусі.
Па афіцыйнай інфармацыі, з 22 чэрвеня на 1 ліпеня ў Гомельскай вобласьці праходзілі мабілізацыйныя вучэньні. У ваенкаматы вобласьці на зборы прызвалі 150 чалавек. Шмат людзей выклікалі па «вучэбных» позвах. Людзі прыходзілі ў ваенкаматы, слухалі лекцыі і ішлі дахаты.