Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: за час вайны ва Ўкраіне зафіксавана 124 выпадкі згвалтаваньняў, але гэта «толькі верхавіна айсбэргу»


Паводле зьвестак спэцпрадстаўніка ААН па пытаньнях сэксуальнага гвалту ва ўмовах канфліктаў Прамілы Патэн, пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўжо зафіксавана 124 выпадкі сэксуальнага гвалту.

Патэн прызнае, што гэтыя зьвесткі — толькі верхавіна айсбэргу і відавочна не адлюстроўваюць маштабаў сэксуальнага гвалту ва ўмовах вайны.

«Людзі, якія выжылі пасьля сэксуальнага гвалту, лічаць гэтае злачынства ганебным і не распавядаюць пра гэта. І гэта не ўнікальнасьць украінскага выпадку, а тэндэнцыя, якая назіраецца падчас усіх войнаў праваабаронцамі», — тлумачыць прадстаўніца ўкраінскага «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў» Аляксандра Матвійчук.

Другая прычына, паводле якой немагчыма зараз ацаніць маштабы злачынстваў падобнага характару, якія чыняцца цяпер ва Ўкраіне, — вялікая іх колькасьць, адзначаюць спэцыялісты.

Паводле зьвестак Генпракуратуры Украіны, цяпер зарэгістравана больш за 15 тысяч крымінальных вытворчасьцяў па такіх эпізодах. У асобных абласьцях на кожнага сьледчага прыпадае каля 200 справаў, зьвязаных са згвалтаваньнямі падчас вайны ва Ўкраіне.

«Сьледчы павінен адначасова расьсьледаваць такую колькасьць крымінальных спраў — ні адна самая добрая прававая сыстэма ў сьвеце не магла б справіцца эфэктыўна з такой з задачай. Пры гэтым вайна працягваецца і колькасьць злачынстваў расьце», — адзначае Матвійчук.

Трэцяя прычына — частка грамадзян папросту ня мае фізычнай магчымасьці паведаміць аб тым, што здарылася, праваахоўнікам.

«Ва Ўкраіне акупавана больш за 20% тэрыторыі. Як мы разумеем, людзі там засталіся сам-насам з акупантамі, там не прысутнічаюць міжнародныя арганізацыі. І тут размова нават не аб тым, што немагчыма праводзіць якія-небудзь сьледчыя дзеяньні, выяўляць і фіксаваць гэтыя факты. Справа ў тым, што людзі баяцца нават зьвяртацца. Яны разумеюць, што ніякай магчымасьці дапамагчы ім ні ў кога проста няма», — кажа Аляксандра Матвійчук.

Паводле яе, цяпер ніхто ня зможа назваць дакладную лічбу, колькі людзей ва Ўкраіне пацярпела ад сэксуальнага гвалту за больш, чым тры месяцы, але «маштабы сэксуальнага гвалту велізарныя».

Праваабаронца перакананая, што беспакаранасьць і адсутнасьць належнай рэакцыі міжнароднай супольнасьці толькі падганяе выканаўцаў зьдзяйсьняць падобныя злачынствы зноў і зноў. Улады Расеі катэгарычна адмаўляюць якое-небудзь дачыненьне расейскіх вайскоўцаў да сэусуальных злачынстваў на тэрыторыі Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG