Украінскія ўлады абвінавачваюць Расею ў крадзяжы на акупаваных тэрыторыях як мінімум 400 тысяч тонаў збожжа. Частку, паводле зьвестак расьсьледаваньняў, потым дастаўляюць у анэксаваны Крым, а адтуль караблямі вывозяць у Турэччыну, Эгіпет і Сырыю, часта на караблях, якія ходзяць не пад расейскімі сьцягамі.
Расьсьледаваньні на гэтую тэму рабілі журналісты праграмы «Схемы», ВВС, Reuters, а таксама экспэрты цэнтру «Міратворац», тэлеканал «Настоящее время» падсумаваў асноўнае.
Журналісты «Схемаў», у прыватнасьці, устанавілі, што ўкраінскае збожжа ў Крыме грузіцца ў порце «Авліта» ў Докавай бухце Севастопаля. «Пры ўваходзе ў крымскі порт балкеры выключаюць радары, таму іх немагчыма адсачыць такімі сыстэмамі маніторынгу судоў, як Marine Traffic або Equasis. Аднак ім не ўдаецца «схавацца» ад спадарожніка, які з космасу фіксуе знаходжаньне і пагрузку ў крымскай «Авліце», — гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Экспэрт цэнтра «Міратворац» Кацярына Ярэсько падкрэсьлівае, што з Крыму сёлета вывозяць значна больш збожжа, чым вывозілі раней, да вайны.
«Лёгіка нам падказвае, што такая колькасьць збожжа не магла быць у Крыме і ня можа быць завезеная праз мост, які зьяўляецца адзіным лягістычным злучэньнем мацерыковай Расеі і акупаванага Крыму і па якім ідуць ваенныя грузы, тэхніка, людзі, — разважае Ярэсько. — Затое ажыцьцяўляецца перавозка збожжа караванамі загружаных фур з тэрыторыі акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Крым. Такія караваны заўважалі на поўначы Крыму, у Армянску або на перашыйку».
З паўвострава збожжа вывозяць караблямі. Суда выходзяць ня толькі з Севастопаля, але таксама з партоў Феадосіі і Керчы. Экспэрты «Міратворца» таксама адзначаюць, што калі караблі знаходзяцца ля берагоў Крыму, яны выключаюць навігацыйную сыстэму. Гэтую ж схему апісвае і пракурор Крыма Ігар Паначоўны, які знаходзіцца ў Кіеве.
«Падобныя судны — сыстэмныя парушальнікі, у іх падвойная дакумэнтацыя, — распавядае Паначоўны. — Гэта значыць у іх ёсьць „чорная“ дакумэнтацыя, якая рэальная, і ёсьць „белая“ дакумэнтацыя: яна кажа, што гэтыя судны выходзяць ня з Крыму, а з партоў Растова-на-Доне, Наварасійску і гэтак далей».
Адзін з падобных караблёў, «Фёдар», быў затрыманы 13 чэрвеня ў порце турэцкага горада Бандырма: на яго борце было больш за восем тысяч тонаў кукурузы. Пасьля «Фёдара» у горадзе Самсун расьсьледавальнікі зьнялі судна «Сармоўскі-48» з трыма тысячамі тон кукурузы. А ў горад Эскендерун сухагруз «Міхаіл Нянашаў» даставіў 27 тысяч тон збожжа. Разгружалі сухагруз машыны кампаніі Asya Taşınacılık, якія адначасова загружалі на яго нешта іншае.
1 чэрвеня на якар у турэцкім Карасе стаў сухагруз пад расейскім сьцягам «Жыбек Жолы», які належыць казахстанскай кампаніі KTZ Express Shipping. Судна выйшла з акупаванага расейцамі Бярдзянску. Генпракуратура Ўкраіны запатрабавала затрымаць карабель, і Турэччына гэта зрабіла, але потым выпусьціла судна — разам з грузам.
«Яны кажуць, што ўсе судны, якія прыходзяць, маюць расейскі адрасат выхаду, гэта парты на Азоўскім ці Чорным морах. Яны заходзяць з грузам, які па дакумэнтах увесь расейскі, — кажа амбасадар Украіны ў Турэччыне Васіль Боднар. — Улічваючы гэта, мы зьвярнуліся ў Генпракуратуру, у пракуратуру Херсонскай вобласьці, і ўжо была завялі крымінальную вытворчасьць. Мы яе перавялі і перадалі па лініі прававой дапамогі турэцкаму боку — з тым, каб яны дапамаглі прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто мае дачыненьне да гэтых схемаў».
Тым часам у турэцкія парты накіроўваюцца яшчэ два судны, якія выйшлі з партоў анэксаванага Крыму: «Сармоўскі-48» і «Фёдар», якія раней ужо адгружалі ўкраінскае збожжа.