Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея сыстэмна возіць праз Крым у Турэччыну выкрадзенае ва Ўкраіне збожжа — расьсьледаваньне Свабоды


Журналісты Радыё Свабода апублікавалі спадарожнікавыя фатаздымкі, якія даказваюць, што Расея на сыстэмнай аснове вывозіць выкрадзенае на акупаваных тэрыторыях Украіны збожжа праз Крым у Турэччыну.

Паводле праекту «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода, збожжа загружаецца ў порце «Аўліта» у Докавай бухце Севастопаля, а потым вывозіцца і разгружаецца ў Турэччыне.

Пры ўваходзе ў крымскі порт балкеры выключаюць радары, таму іх немагчыма адсачыць такімі сыстэмамі маніторынгу, як Marine Traffic або Equasis. Аднак яны ня могуць схавацца ад спадарожніка, які з космасу фіксуе знаходжаньне і пагрузку ў крымскай «Аўліце».

У прыватнасьці, расейскі балкер «Михаил Ненашев» зрабіў тры рэйсы з крымскага порта ў Турэччыну. Гэта пацьвярджаюць і дакумэнты, якія прадэманстравалі журналісты — «Михаил Ненашев» і сырыйскі карабель Finikia загружаліся збожжам менавіта ў крымскім тэрмінале «Аўліта». У дакумэнтах аб паходжаньні збожжа напісана «Крым, Расея».

Кіраўнік МЗС Турэччыны Мэўлют Чавушаглу 23 чэрвеня заявіў, што Турэччына вывучае інфармацыю аб краіне-вытворцы і партах адпраўкі грузаў.

«Мы кожны раз правяраем і пацьвярджаем, што прадукцыя зроблена ў Расеі. Турэччына не дапусьціць незаконнага гандлю ўкраінскім збожжам ці любой іншай прадукцыяй з боку любой краіны, у тым ліку і Расеі. Мы таксама і самі ня прымем гэтыя тавары. Рашучая пазыцыя Турэччыны і яе дзяржаўных структур па гэтым пытаньні нязьменная», — сказаў Мэўлют Чавушаглу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG