Настаяцеля каталіцкай парафіі св. Яна Паўла ІІ Яўгена Учкуроніса са Смаргоні аштрафавалі за захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 20 базавых велічыняў (640 беларускіх рублёў), паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».
Справу была разгледзелі ў смаргонскім судзе 8 ліпеня. Суд павінен быў адбыцца яшчэ ў канцы чэрвеня, але быў перанесены на больш позьні тэрмін.
За апошнія месяцы вядома пра некалькі выпадкаў перасьледу каталіцкіх ксяндзоў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- Так, у красавіку за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» затрымалі каталіцкага сьвятара Андрэя Кеўліча: падставай стаў рэпост з сайту, забароненага ўладамі.
- Ксяндза са Стоўпцаў Ігара Лашука ў красавіку асудзілі на 960 рублёў за распаўсюд кантэнту тэлеканалу «Белсат» і Радыё Свабода.
- У траўні суд Пастаўскага раёна аштрафаваў беларускага ксяндза Анджэя Бульчака, які мае польскае грамадзянства і ў сакавіку зьехаў зь Беларусі, на 960 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
- А настаяцеля праваслаўнага прыходу ў Альшанцы на Горадзеншчыне Андрэя Ноздрына вызвалілі з пасады, папярэдне правёўшы «прафіляктычную гутарку». Праўладная актывістка Вольга Бондарава, якая паскардзілася на сьвятара, у сваім канале абвінаваціла яго ў тым, што ён нібы выступаў за «дзяржаўны пераварот», рэпосьціў «экстрэмісцкія матэрыялы».