Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месцы масавых пахаваньняў у пасёлку Стары Крым пад Марыюпалем павялічыліся ўдвая, — «Схемы»


Месца масавых пахаваньняў на могілках у акупаваным расейцамі пасёлку Стары Крым пад Марыюпалем, 29 чэрвеня 2022
Месца масавых пахаваньняў на могілках у акупаваным расейцамі пасёлку Стары Крым пад Марыюпалем, 29 чэрвеня 2022

Месцы масавых пахаваньняў у акупаваным расейцамі пасёлку Стары Крым пад Марыюпалем у параўнаньні з пачаткам траўня павялічыліся ўдвая. Такія зьмены зафіксаваў спадарожнік Planet Labs.

Гэтыя здымкі апублікавалі журналісты праекту «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Паводле зьвестак Марыюпальскай гарадзкой рады, там могуць быць пахаваныя больш за 15 тысяч гараджан.

29 чэрвеня спадарожнік зафіксаваў тэхніку, з дапамогай якой акупанты працягваюць капаць траншэі на могілках каля пасёлку Стары Крым Данецкай вобласьці, што непадалёк ад Марыюпалю.

З часоў акупацыі гораду ў такіх траншэях масава хавалі забітых жыхароў. У параўнаньні са спадарожнікавым здымкам Planet Labs ад 8 траўня, апублікаваным раней «Схемамі», брацкіх магіл на гэтых могілках стала амаль удвая больш.

У камэнтары «Схемам» дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка патлумачыў гэта тым, што акупанты пачалі разьбіраць завалы пашкоджаных і разбураных расейскім войскам шматпавярховых дамоў. Паводле яго, у кожным з гэтых дамоў можа знаходзіцца да сотні загінулых мясцовых жыхароў. Часьцей за ўсё целы вывозяць у Стары Крым — там найбліжэйшыя да Марыюпалю могілкі зь месцамі масавых пахаваньняў.

Раней «Схемы» паведамлялі пра тры масавыя пахаваньні, выяўленыя пад Марыюпалем, — каля пасёлку Стары Крым, пасёлку Вінаграднае і каля могілак пасёлку Мангуш. Пазьней спадарожнік зафіксаваў чацьвёртае месца масавых пахаваньняў у цэнтры Марыюпалю.

Марыюпаль быў аточаны расейскімі войскамі ў першыя дні шырокамаштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага. 8 траўня ўкраінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ва Ўкраіны няма магчымасьці разблякаваць Марыюпаль ваенным шляхам. У хуткім часе пасьля гэтага ўкраінскія вайскоўцы, якія знаходзіліся на на заводзе «Азоўсталь» у Марыюпалі, на загад камандаваньня склалі зброю. Пасьля гэтага расейскі бок заявіў, што бярэ іх у палон, а частку вайскоўцаў будуць судзіць.

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны паведаміў, што ўкраінскія абаронцы Марыюпалю, якія знаходзяцца ў расейскім палоне, жывыя, але невядома, у якіх яны цяпер умовах.

Пазьней таксама адбыўся абмен, падчас якога з расейскага палону былі вызваленыя 144 украінскія вайскоўцы, у тым ліку 95 абаронцаў «Азоўсталі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG