Учора свае пасады пакінулі міністры аховы здароўя і фінансаў. Прычынай паслужыла прызначэньне Джонсанам на партыйную пасаду дэпутата парлямэнту Крыса Пінчэра. Сябра Кансэрватыўнай партыі абвінавацілі ў сэксуальных дамаганьнях у стане алькагольнага ап’яненьня. Тыдзень таму Пінчэр пакінуў сваю пасаду.
Сёньня некалькі міністраў, якія звольніліся, зьвярнуліся да Джонсана зь лістом, у якім заклікалі прэм’ера пакінуць пасаду. Палітык у адказ заявіў, што не зьбіраецца гэтага рабіць.
Камітэт брытанскай Кансэрватыўнай партыі ў панядзелак, 11 чэрвеня, правядзе выбары кіраўніцтва, да таго часу правілы зьмены партыйнага лідэра, якім цяпер ёсьць Джонсан, застануцца нязьменнымі, перадае тэлеканал Sky News са спасылкай на партыйныя крыніцы.
Адстаўкі брытанскіх міністраў і дэпутатаў адбываюцца на фоне актыўнай унутрыпартыйнай крытыкі Джонсана. У красавіку ён стаў першым у гісторыі прэм’ер-міністрам, абвінавачаным у парушэньні закону падчас знаходжаньня на сваёй пасадзе. Тады ён быў аштрафаваны за ўдзел у вечарынцы падчас усеагульнага карантыну, абвешчанага ягоным урадам з прычыны пандэміі COVID-19.
У пачатку чэрвеня Джонсан выйграў галасаваньне па вотуме недаверу, вылучанаму супраць яго яго калегамі з Кансэрватыўнай партыі.
Паводле апытаньняў, дзейнасьць прэм’ера не ўхваляюць больш за 70 працэнтаў брытанцаў.