Ва Ўроцлаве затрымалі групу грамадзян Беларусі і Ўкраіны, якую падазраюць у арганізацыі «фішынгу». Шэрагу фігурантаў выставілі абвінавачаньні ў онлайн-махлярстве. Аднаго таксама абвінавачваюць у захоўваньні парнаграфіі з удзелам непаўналетніх, а іншага — у адмываньні грошай. Агулам па справе праходзяць пяць чалавек, паведамляе польская паліцыя.
Паводле сьледзтва, абвінавачаныя «працавалі» на папулярнай гандлёвай пляцоўцы. Яны дасылалі прадаўцам спасылкі на фішынгавы сайт праз WhatsApp пад выглядам праверкі паступленьня аплаты за тавар. Так фігуранты атрымлівалі дадзеныя для доступу да банкаўскіх рахункаў, адкуль сродкі затым пераводзіліся на іншыя рахункі, афармляліся крэдыты, куплялася тэхніка.
Агульная сума шкоды ацэньваецца ў 50 тысяч злотых. Падчас вобшуку забралі кампутарную тэхніку, 15 тысяч злотых, носьбіты інфармацыі, электроніку, набытую на выкрадзеныя сродкі.
Па рашэньні суду двое затрыманых часова арыштаваныя на 3 месяцы. У дачыненьні да 23-гадовага фігуранта пракурор ужыў паліцэйскі нагляд з адабраньнем пашпарта і забаронай на выезд з краіны.
У наступныя дні ва Ўроцлаве паліцыя затрымала яшчэ аднаго чалавека, зьвязанага з апісаным выпадкам. 36-гадовы грамадзянін Украіны пачуў у пракуратуры абвінавачаньні ў адмываньні грошай ашуканскім шляхам. Яму пагражае пакараньне да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Мужчыну зьмясьцілі пад нагляд паліцыі. Яму таксама забаронена пакідаць Польшчу, але пашпарт у яго не забралі.
Паліцыя яшчэ раз папярэдзіла людзей, што ў выпадку ўзьнікненьня хоць нейкіх сумневаў у добрасумленнасьці інтэрнэт-абвесткі ці патрабаваньняў таго, хто на плятформах онлайн-продажу падае сябе як прадавец ці пакупнік, трэба быць асьцярожным і зьвярнуцца ў паліцыю.