Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне выявілі злачынную схему, на якой да вайны зараблялі пры рэалізацыі ўгнаеньняў «Беларуськалію»


Рэкляма «Беларуськалію»
Рэкляма «Беларуськалію»

Ад пачатку вайны Ўкраіна пачала выяўляць і канфіскоўваць на сваёй тэрыторыі беларускую ўласнасьць, якая абслугоўвала гандлёвыя апэрацыі паміж дзьвюма краінамі па найбольш прыбытковых відах прадукцыі — угнаеньнях і нафтапрадуктах.

У красавіку Бюро эканамічнай бясьпекі завяло справу паводле часткі 3 артыкулу 212 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, і на гэтай падставе суд арыштаваў больш за 300 вагонаў, якія належалі «Беларуськалію» і расейскаму «Уралкалію», а таксама фізычным асобам Беларусі і Расеі.

Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, наўмыснае ўхіленьне ад аплаты падаткаў і збораў у асабліва вялікіх памерах караюцца штрафам ад 255 000 да 425 000 грыўняў (ад 9500 да амаль 16 000 даляраў у эквіваленце. —РС) з пазбаўленьнем права займаць адказныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю на тры гады з канфіскацыяй маёмасьці.

Аднак, як адзначаецца ў судовым рашэньні, па якім арыштавалі беларускія вагоны, перададзеныя ў кіраваньне агенцтву, што апэруе сканфіскаванай маёмасьцю (АРМА), сьледзтва пакуль ня вызначыла асобаў, якія зараблялі на незаконным гандлі беларускімі ўгнаеньнямі.

Паводле сьледчых, схема выглядала наступным чынам: угнаеньні ўвозіліся зь Беларусі на мытную тэрыторыю Ўкраіны. У дакумэнтах адзначалася, што гэтая прадукцыя будзе транспартавацца далей праз украінскую тэрыторыю ў порт або чыгункай з Ўкраіны ў эўрапейскія ці іншыя дзяржавы. На гэтым этапе перавозчык ці ўладальнік угнаеньняў заяўляў у мытні рэжым «транзыту» і ня сплачваў падаткі і зборы, якія трэба было б плаціць, калі б краінай прызначэньня ўгнаеньняў была Ўкраіна.

Але фактычна пасьля перасячэньня мяжы ўгнаеньні разгружаліся і рэалізоўваліся на тэрыторыі Ўкраіны. І такім чынам пастаўшчыкі зараблялі на нясплочаных у бюджэт мытных плацяжах. Паводле сьледзтва, вядзецца аб сумах ня менш як 10 мільёнаў грыўняў (амаль паўмільёна даляраў у эквіваленце. — РС).

Гэтая схема выкарыстоўвалася з 2020 да 2022 году. Паводле сьледзтва, «нявызначаныя асобы» дзейнічалі ў змове з адказнымі асобамі беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў, у тым ліку ААТ «Российские железные дороги», ПАА «ВТБ», ТАА «Дызель Транс» і іншых.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у 2021 годзе зь Беларусі праз Украінскую чыгунку перавезьлі 11,8 мільёна тон грузаў з прызначэньнем ва Ўкраіну і для далейшага транзыту. Зь іх 693 тысячы тон склалі калійныя ўгнаеньні, у тым ліку 270 тысяч тон зь іх для ўкраінскіх прадпрыемстваў.

Паводле Ўкраінскай чыгункі, транзытны аб’ём калійных угнаеньняў у Турэччыну летась склаў 220 тысяч тон (62%), у Вугоршчыну — 64 тысячы тон (18%), Польшчу — 45 тысяч тон (13%), Румынію — 8 тысяч тон (2%).

Пры гэтым, паводле АТ «Укразалізниця», праз марскія парты Ўкраіны цягам 2021 году перавезьлі 281 тысячу тон беларускіх калійных угнаеньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG