Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да санкцыяў рыхтаваліся загадзя. Як працуе адзіны ва Ўкраіне дылер беларускага калію 


Офіс «Укрзалізниці», якая забараніла правоз беларускага калію
Офіс «Укрзалізниці», якая забараніла правоз беларускага калію

Украінская кампанія «Агророзквіт», якая раней пазыцыянавалася на рынку Ўкраіны як даччыная кампанія Беларускай калійнай кампаніі і эксклюзіўны пастаўшчык беларускіх калійных угнаеньняў, зьмяніла сваіх бэнэфіцыяраў і працягвае працаваць на ўкраінскім рынку.

«„Укрзалізниця“ ўвяла забарону на перавозку беларускіх калійных угнаеньняў менавіта зь „Беларуськалію“. Наша кампанія ўжо атрымала тавар, заплаціла мытныя выдаткі, падатак на даданую вартасьць і можа перавозіць тавар. Гэтая забарона на нашую дзейнасьць не распаўсюджваецца», — сказаў Свабодзе прадстаўнік кампаніі «Агророзквіт» у Луцку, дзе знаходзіцца адзін са складоў угнаеньняў.

Паводле прадстаўніка луцкага прадстаўніцтва кампаніі «Агророзквіт», цяпер яны гандлююць комплекснымі ўгнаеньнямі, а крыху пазьней пачнуць прапаноўваць на рынку калійныя ўгнаеньні, запасы якога сфармавалі да ўвядзеньня забароны ўкраінскай чыгункі. Што праўда, аб’ёмаў запасаў прадстаўнік кампаніі не ўдакладніў і прапанаваў зьвярнуцца да іх з афіцыйным запытам.

Кампанія мае ўласны вагонны парк і карыстаецца паслугамі чыгункі для перавозкі ўгнаеньняў у вагонах-мінэралавозах і паўвагонах ёмістасьцю ад 64 да 70 тон.

«Агророзквіт» мае разгалінаваную сетку складоў у 11 абласьцях Украіны — Валынскай, Львоўскай, Цярнопальскай, Хмяльніцкай, Жытомірскай, Віньніцкай, Чарнігаўскай, Чаркаскай, Сумскай, Палтаўскай і Днепрапятроўскай.

Паводле толькі адной абласной мытні (у Жытомірскай вобласьці), у 2021 годзе кампанія «Агророзквіт» стала найбуйнейшым платнікам мытных падаткаў, што ўскосна пацьвярджае той факт, што загадзя рыхтаваліся да санкцый і магчымага спыненьня перавозак угнаеньняў зь Беларусі ва Ўкраіну і далейшага транзыту.

Рэспубліка Беларусь — уласьнік, але не бэнэфіцыяр

У канцы 2020 году адзіным бэнэфіцыярным уласьнікам украінскага ТАА «Агророзквіт» стаў грамадзянін Украіны Аляксандар Скрыпка. Да гэтага моманту 60% акцый належалі ААТ «Беларуская калійная кампанія» і 40% — брытанскай кампаніі Agrofertrans Ltd (на момант заснаваньня «дачкі» БКК кампаніяй Agrofertrans Ltd валодаў менавіта Аляксандар Скрыпка. — РС).

Цяпер пакет акцый БКК перайшоў ва ўласнасьць Рэспублікі Беларусь, а сама Беларуская калійная кампанія выключана са складу бэнэфіцыяраў. Брытанская кампанія таксама ўжо больш не бэнэфіцыяр.

У 2016 годзе капітал Agrofertrans Ltd быў выкарыстаны для рэгістрацыі кампаніі «Белаграфэрт» у межах свабоднай эканамічнай зоны «Гроднаінвэст». На афіцыйным сайце СЭЗ пазначана, што прадпрыемства створана з удзелам брытанскіх інвэстыцый. Хоць назва брытанскай кампаніі ня згадваецца.

«Белаграфэрт» (гэтую кампанію ў свой час кантраляваў Віктар Шэйман) пабудаваў завод па вытворчасьці грануляванага сульфату амонію на аснове сыравіны ААА «Гродна Азот». Раней паведамлялася, што гэты завод вырабляе да 200 тысяч тон угнаеньняў за год. Большую іх частку пастаўлялі ва Ўкраіну праз кампанію «СанАгро Україна», бэнэфіцыярам якой таксама была брытанская Agrofertrans Ltd.

У канцы 2020 году Agrofertrans Ltd выйшла і са складу бэнэфіцыяраў прадпрыемства «СанАгро Україна». І адзіным яе ўласьнікам, як і ТАА «Агророзквіт», стаў Аляксандар Скрыпка.

Паводле фінансавай справаздачы, у 2020 годзе «СанАгро Україна» атрымала 1,9 мільярда грыўняў даходу, але чысты прыбытак склаў 61,4 мільёна грыўняў (адпаведна 69,9 і 2,2 мільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу на сьнежань 2020 году).

ТАА «Агророзквіт» у 2020 годзе (фінансавая справаздачнасьць за 2021 год яшчэ не зацьверджаная. — РС) атрымала 3 мільярды грыўняў даходу і 19,8 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (адпаведна 110 мільёнаў і 713 тысяч даляраў у эквіваленце).

Паводле ініцыятывы «Рабочы рух», створанай пасьля акцыяў пратэсту ў 2020 годзе для абароны правоў працоўных, Аляксандар Скрыпка ў 2015 годзе наведваў Віетнам як генэральны дырэктар Agrofertrans Ltd разам з Аленай Кудравец, генэральнай дырэктаркай Беларускай калійнай кампаніі.

Што папярэднічала

Акцыянэрнае таварыства «Укразалізниця» з 16 лютага на няпэўны час спыніла транзыт прадукцыі Беларускай калійнай кампаніі ў кірунку Славаччыны, Вугоршчыны, Польшчы, Аўстрыі, Чэхіі, Румыніі, краін Балтыі і СНД.

Ва Ўкраіне экспэрты не выключаюць, што забарона на транзыт беларускіх калійных угнаеньняў зьвязана з забаронай Беларусьсю транзыту па сваёй тэрыторыі літоўскіх нафтапрадуктаў, якія складаюць да 7 % на ўкраінскім рынку.

Як паведамілі Свабодзе ў акцыянэрным таварыстве «Укразалізниця», у 2021 годзе зь Беларусі праз Украінскую чыгунку перавезьлі 11,8 мільёна тон грузаў з прызначэньнем ва Ўкраіну і для далейшага транзыту. Зь іх 693 тысячы тон склалі калійныя ўгнаеньні, у тым ліку 270 тысяч тон зь іх для ўкраінскіх прадпрыемстваў.

Паводле Ўкраінскай чыгункі, транзытны аб’ём калійных угнаеньняў у Турэччыну летась склаў 220 тысяч тон (62%), у Вугоршчыну — 64 тысячы тон (18%), Польшчу — 45 тысяч тон (13%), Румынію — 8 тысяч тон (2%).

Пры гэтым, паводле АТ «Укразалізниця», праз марскія парты Ўкраіны цягам 2021 году перавезьлі 281 тысячу беларускіх калійных угнаеньняў.

Прыяжджалі ва Ўкраіну дамаўляцца пра транзыт

У лютым 2022-га Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію расейскаму тэлевядоўцу Ўладзіміру Салаўёву заявіў, што Ўкраіна прапанавала Беларусі арганізаваць транзыт калійных угнаеньняў праз сваю тэрыторыю.

Аднак, як стала вядома Свабодзе з інфармаваных крыніц, з прапановай арганізаваць лягістыку паставак угнаеньняў зь Беларусі ў Эўропу празь Украіну зьвяртаўся менавіта беларускі бок.

На пачатку лютага генэральны дырэктар ААТ «Беларуськалій» Іван Галаваты разам з генэральным дырэктарам ААТ «ГроднаАзот» Ігарам Ляшэнкам наведалі Адэсу і Львоў, дзе правялі перамовы зь некалькімі лягістычнымі кампаніямі для арганізацыі транзыту праз украінскія парты пасьля адмовы Літвы ад транзыту беларускіх калійных угнаеньняў па сваёй тэрыторыі.

З гэтай жа мэтай кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў наведала і Турэччыну.

Як паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца, па выніках сваіх перамоў ва Ўкраіне і Турэччыне яны падрыхтавалі і перадалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі прапановы ў арганізацыі транзыту беларускіх угнаеньняў. Па інфармацыі Свабоды, размова ішла аб павелічэньні транзыту праз Украіну роўна на той аб’ём, які раней пастаўляўся празь Літву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG