Расея можа прафінансаваць будаўніцтва порту пад Санкт-Пецярбургам для перавалкі беларускіх калійных угнаеньняў і даць крэдыт на 500 мільёнаў даляраў. Пра гэта піша выданьне «Деловой Петербург».
Паведамляецца, што праектная магутнасьць порту складзе 5 мільёнаў тонаў на год з магчымасьцю павялічэньня да 7 мільёнаў тонаў. Аднак штогод Беларусь экспартуе да 11 мільёнаў тонаў калійных угнаеньняў.
Менск мае патрэбу ў новым экспартным маршруце ў сувязі з адмовай Літвы транспартаваць беларускі калій з 1 лютага 2022 году з прычыны заходніх санкцый да беларускай калійнай галіны.
У апошнія гады Літва была галоўным экспартным калідорам для беларускага хлоркалію.
Па заявах уладаў, Беларусь цяпер экспартуе калій праз Расею і Ўкраіну. Аднак магутнасьці расейскіх партоў ня могуць прыняць увесь аб’ём экспарту беларускага калію, а ўкраінская чыгунка заявіла аб забароне з 16 лютага 2022 году перавозкі прадукцыі «Беларуськалій» — як транзыту, так і дастаўкі пакупнікам ва Ўкраіне.