Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вымушанае прыстасаванства. Думкі пра словы Насты Кудасавай аб «добраахвотнай акупацыі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Усе навокал гавораць па-расейску, і ты ўжо быццам ня дома. Яшчэ 30 гадоў таму было па-іншаму. 

Выдатная паэтка Наста Кудасава напісала ў фэйсбуку пост пра добраахвотную, «ад душы» акупацыю.

Сапраўды, часта падаецца, што людзі самі выбіраюць расейскую мову і таксама, бывае, хочацца ўпасьці ў адчай. Але тады пытаесься сам у сябе: што я раблю за мяжой, усьведамляючы кожную хвіліну, што маё месца — дома? Я тут, бо дома ляжыць позва ў Сьледчы камітэт.

Гэта зусім ня добраахвотная акупацыя. Гэта сьвядомая ці несьвядомая мімікрыя, вымушанае прыстасаванства, «хаваньне ў бульбу». Чалавеку ўласьціва асьцерагацца, асабліва цяпер. Натуральна, мала хто ў гэтым прызнаецца, а таму скажа, што гэта добраахвотна і ад душы, маўляў, адчапіцеся, усё добра. Але гэта ён ня іншых пераконвае, а сябе. Яму быццам нармалёва жывецца ў Беларусі, але ўсё адно лепш абысьці міліцыянта на адлегласьці. Не магу ўявіць сабе хоць каго зь беларусаў, хто б ня жыў з прадчуваньнем небясьпекі ператрусу, катаваньняў, арышту. Ня важна, зь якога той беларус лягеру — усе ў адным канцлягеры. А што такое гаварыць па-беларуску? Гэта значыць, высунуцца, паказацца, кінуць выклік. Такая сабе добраахвотнасьць.

Гэта зусім ня выйсьце — прызнаць мімікрыю добраахвотным выбарам расейскае мовы. Наадварот. Мой бабруйскі аднагодак згадваў, што ў габрэйскіх сем’ях ніколі не гаварылі пра Галакост. І ніяк гэтае негаварэньне не выглядае на добраахвотнасьць. А ў беларускіх сем’ях ніколі не гаварылі пра 1937 год і пагатоў пра ноч расстраляных паэтаў, пра зьнішчэньне ўсіх «нацыяналістаў». Стараліся забыць, каб не будзіць ліха? Забылі — у выніку тое ліха і абудзілася.

Мы нават да такой формулы дайшлі, што хай бы дзяржава проста не перашкаджала, беларушчына падымецца сама. Хоць нідзе безь дзяржавы нармальна не падымалася ні пальшчызна, ні літоўшчына, ні ўкраіншчына. Але мы настолькі верым у сябе, што кажам: толькі не перашкаджайце. Бо амаль ніколі не было, каб дзяржава не перашкаджала. Апошнія трыццаць гадоў яна проста забівае ўсё беларускае. Але забіць усё немагчыма. Вельмі хутка яно адрастае, як атава.

Толькі давайце не пераконваць саміх сябе, што гэта хоць на каліва адбываецца добраахвотна.

Тысячы нашых дарагіх людзей сядзяць у турмах па самым вялікім рахунку — за сваю беларушчыну, беларускасьць, беларускую мову. Не добраахвотна. Сотні тысяч выехалі праз тое самае. Пагром «Кнігаўкі», зьнішчэньне беларускай журналістыкі, беларускай грамадзянскай супольнасьці, беларускага грамадзтва... Трэба дараваць суайчыньнікам іхную абумоўленую абставінамі і генэтычнай памяцьцю мімікрыю. Ніхто ня мусіць ісьці на подзьвіг. Але, гаворачы пра добраахвотнасьць, мы быццам выбіраем гэты свой прыватны адчай, але і кажам пры тым: «Праехалі».

Тут я ўжо не пра Насту гавару, бо ведаю, што яна не «праедзе» і яшчэ неаднойчы нагадае ўсім сваімі моцнымі паэтычнымі радкамі і пра лётчыка Акрэсьціна, і пра пагромы, і пра Галакост. Пра ліха трэба памятаць заўсёды. Але і дражніць гусей сэнсу няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG