Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Der Spiegel: Расеі дазволяць транзыт тавараў у Калінінград


На мяжы Калінінградзкай вобласьці зь Літвой.
На мяжы Калінінградзкай вобласьці зь Літвой.

Эўракамісія плянуе дазволіць Расеі ўвозіць у Калінінград тавары, якія трапілі пад санкцыі, але толькі ў аб’ёмах, параўнальных з пастаўкамі да яе ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляе Der Spiegel са спасылкай на крыніцы ў Эўракамісіі.

Прынятае рашэньне дасьць магчымасьць прадухіліць магчымы экспарт расейскай прадукцыі праз порт Калінінграду. Дакладны аб’ём тавараў, дазволеных да транзыту, будзе вызначацца паводле літоўскіх мытных дакумэнтаў. У асаблівых выпадках, напрыклад, для рамонту шлюзаў, аб’ём транзыту можа быць перавышаны, аднак Расеі давядзецца даказваць кожнае выключэньне.

Рашэньне, прынятае Эўракамісіяй, шмат у чым адлюстроўвае пазыцыю ўраду Нямеччыны. Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц неаднаразова падкрэсьліваў, што зробіць усё, што ў яго сілах, каб NATO ня стала бокам канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай. Нямецкія салдаты дысьлякуюцца ў Літве і могуць быць уцягнутыя ў магчымы канфлікт.

Паводле словаў прадстаўніка Літвы, знаёмага з ходам перамоваў, Нямеччына з 18 чэрвеня аказвала ціск на Эўракамісію, каб санкцыі не распаўсюджваліся на транзыт у Калінінград.

Публікацыя рашэньня Эўракамісіі чакаецца найбліжэйшымі днямі.

Калінінградзкая вобласьць — расейскі эксклаў, які мяжуе зь Літвой і Польшчай. Літва забараніла транзыт расейскіх будаўнічых матэрыялаў і мэталу пасьля ўступленьня 17 чэрвеня санкцыяў Эўразьвязу, якія прадугледжваюць забарону на іх сухапутныя пастаўкі. Пасажырскія перавозкі працягваюцца па ранейшых правілах.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс паведаміў, што транзыт быў спынены пасьля кансультацый з Эўракамісіяй і пад яе кіраўніцтвам. 20 чэрвеня МЗС Расеі запатрабавала ад Літвы неадкладна адмяніць забарону на транзыт тавараў у Калінінградзкую вобласьць. 21 чэрвеня пасол Эўразьвязу ў Расеі Эдэрэр растлумачыў, што пра блякаду Калінінграду размова не ідзе, і транзыт тавараў, якія не трапляюць пад санкцыі ЭЗ, «працуе нармальна».

Абмежаваньні на імпарт прадукцыі са сталі і жалеза прадугледжаны чацьвёртым пакетам санкцый ЭЗ. З 17 чэрвеня на тэрыторыю ЭЗ забаронена ўвозіць расейскія чорныя мэталы і сталь, з 10 ліпеня пад забарону трапіць цэмэнт, а таксама алькаголь і іншыя прадукты, з 10 жніўня — вугаль і іншыя віды цьвёрдага выкапнёвага паліва, з 5 сьнежня — нафта.

Войскі Расеі ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны 24 лютага 2022 году. У адказ на расейскую агрэсію Эўразьвяз прыняў ужо шэсьць пакетаў санкцый у дачыненьні да Расеі. Цяпер абмяркоўваецца сёмы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG