У нядзелю заканчваецца тэрмін плацяжу па пазыцы аб’ёмам 100 мільёнаў даляраў. Пасьля ўвядзеньня санкцыяў Расея больш ня можа праводзіць выплаты ў далярах. Як заявіла Міністэрства фінансаў Расеі, яно выплачвае доўг у поўным аб’ёме ў рублях. Аднак эўрапейскі банк Euroclear, празь які праводзяцца плацяжы, ня можа канвэртаваць іх у зыходную валюту, таму крэдытор іх не атрымлівае.
«Калі інвэстары не атрымаюць свае грошы да вызначанага тэрміну, у панядзелак раніцай адбудзецца „падзея дэфолту“», — піша Bloomberg, называючы гэтае невыкананьне абавязаньняў па вонкавым доўгу першым для Расеі ад 1918 году.
Плацёж мусіў быць праведзены 27 траўня; далей у пазычальніка ёсьць яшчэ 30 дзён на пагашэньне доўгу з затрымкай. Калі і пасьля гэтага тэрміну крэдытор не атрымае плацяжу, пазычальніку можа быць абвешчаны тэхнічны дэфолт. Калі гэта здарыцца, гэта будзе першы дэфолт Расеі ад 1998 году.
Раней Міністэрства фінансаў ЗША адмовілася працягваць пасьля 25 траўня 2022 году ліцэнзію, якая дазваляла Расеі надалей абслугоўваць сувэрэнную пазыку ў замежных валютах. Афіцыйны прадстаўнік Белага дому Карын Жан-П’ер выказала меркаваньне, што Расея, верагодна, ня зможа выконваць свае абавязаньні і сутыкнецца з пэрспэктывай дэфолту і статусам ізгоя ў глябальнай фінансавай сыстэме на працяглую пэрспэктыву. У адказ на гэта Міністэрства фінансаў Расеі заявіла, што працягне абслугоўваць свой вонкавы доўг у рублях (указ аб магчымасьці пераходу з валютных выплат на рублёвыя прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін падпісаў яшчэ 5 сакавіка; некалькі дзён таму быў падпісаны яшчэ адзін указ аб мэханізьме выплат па эўрааблігацыях у рублях). Банк Euroclear, які выступаў пасярэднікам у плацяжах паміж Расеяй і міжнароднымі крэдыторамі, у сваім прэс-рэлізе заявіў, што праз накладзеныя на Расею эканамічныя санкцыі ён практычна перастае працаваць з рублямі, за некалькімі невялікімі выключэньнямі.
Міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў абвінаваціў Захад у тым, што той наўмысна стварае перашкоды для абслугоўваньня вонкавага доўгу РФ, каб Расея апынулася ў стане дэфолту, і назваў сытуацыю «фарсам».
Каля 40 мільярдаў даляраў вонкавага доўгу Расейскай Фэдэрацыі намінаваныя ў амэрыканскай і эўрапейскай валюце.