Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ганчарэнка: Украіна стане найлепшым адвакатам для вольнай Беларусі ў ЭЗ


Аляксей Ганчарэнка
Аляксей Ганчарэнка

Аляксей Ганчарэнка, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны і кіраўнік парлямэнцкай групы «За дэмакратычную Беларусь», у інтэрвію Свабодзе ў Радзе Эўропы ў Страсбуры заявіў, што агрэсар у вайне — «лукашэнкаўская Беларусь», а Ўкраіна будзе адвакатам вольнай Беларусі ў Эўразьвязе.



Сьцісла

  • Я выступаў у Радзе Эўропы і як заўжды казаў, што ня можа быць ніякага гандлю з Лукашэнкам, ня можа быць ніякага дараваньня Лукашэнку.
  • Лукашэнка — абсалютны васал Пуціна, гаўляйтар ад Пуціна ў Беларусі, і нясе поўную адказнасьць.
  • За шмат стагодзьдзяў разам беларусы і ўкраінцы заслужылі супольнае сяброўства. Цяпер яго руйнуе Лукашэнка.
  • Украіна пражывае вельмі складаны час, шмат чаго пераасэнсоўвае, шмат вуліц зьменяць свае назвы, шмат герояў для нас больш не героі. Але гэта наша ўнутраная справа.

«Лукашэнкаўская Беларусь — агрэсар супраць Украіны»

— Чатыры месяцы ідзе вайна Расеі супраць Украіны, у якой тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная для агрэсіі. Як вы на гэтым этапе расцэньваеце ролю Лукашэнкі і ягонага сілавога апарату, а таксама ролю народу і ролю дэмакратычных сілаў Беларусі на гэтым этапе вайны?

— Лукашэнка — злачынца, які вінаваты ў вайне, у агрэсіі нароўні з Пуціным. Згодна з усімі дакумэнтамі ААН краіна, якая дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю для агрэсіі, сама зьяўляецца агрэсарам. Відавочна, што лукашэнкаўская Беларусь — агрэсар супраць Украіны. Натуральна, мы заклікаем людзей ва Ўкраіне разьдзяляць беларускі народ, Беларусь і рэжым Лукашэнкі. Гэта вялізарны выклік і вялізарны боль для ўкраінцаў, што з тэрыторыі Беларусі прыйшлі забойцы, якія забіваюць і гвалтуюць украінцаў.

Я выступаў у Радзе Эўропы і, як заўжды, казаў, што ня можа быць ніякага гандлю з Лукашэнкам, ня можа быць ніякага дараваньня Лукашэнку. Ён павінен адказаць у судзе ў Гаазе за тое, што зроблена. Для мяне гэта абсалютна відавочна. Усе гэтыя гульні кшталту «я вам дапамагу вывезьці збожжа, а вы нейкія санкцыі здыміце» — недапушчальныя. На гэта ісьці немагчыма.

— Сьвятлана Ціханоўская, выступаючы ў Радзе Эўропы, чарговым разам заклікала не называць Лукашэнку прэзыдэнтам і ня весьці ніякіх перамоваў з рэжымам Лукашэнкі. Ці могуць усё ж улады Ўкраіны ўступіць у нейкія перамовы зь нейкіх тактычных меркаваньняў?

— Я ня бачу для гэтага ніводнай падставы. Не магу гаварыць за некага іншага. Магу гаварыць за сябе асабіста. Я — кіраўнік групы «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце. Я катэгарычна супраць любых кантактаў з рэжымам і супраць любой супрацы з гэтым рэжымам. Нейкія гуманітарныя пытаньні — абмен палоннымі, забраць целы загінулых — такія рэчы могуць быць. Усяго іншага быць ня можа. Лукашэнка — абсалютны васал Пуціна, гаўляйтар ад Пуціна ў Беларусі, і нясе поўную адказнасьць. Што тычыцца Рады Эўропы, двойчы Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прымала рашэньне аб стварэньні спэцыяльнай групы па Беларусі, але, на жаль, яна не была створаная. Спадзяюся, што цяпер, пасьля таго як і Сьвятлана Ціханоўская выступала тут, сытуацыя зьменіцца.

«Я вельмі хацеў бы бачыць, каб беларусы як найхутчэй вызваліліся ад рэжыму Лукашэнкі»

— Ці можа так стацца, што ўкраінцы скажуць беларусам «Ніколі мы ня будзем братамі», як сказалі расейцам?

— Мне не падабаецца ўся гэтая гісторыя пра братоў. Расейцы столькі разоў сябе называлі братамі. Ва Ўкраіне цяпер кажуць, што дзякуй Богу, што толькі двое называюць сябе братамі — Пуцін ад імя расейцаў і Лукашэнка ад імя беларусаў, і ня дай Божа яшчэ мець братоў такіх. Я хачу сказаць, што беларусы — вельмі блізкі нам народ, у мяне асабіста ёсьць беларускія карані ў тым ліку. Для мяне гэта не чужая краіна.

Я хачу, каб беларусы былі нашымі найбліжэйшымі сябрамі і хаўрусьнікамі. Ведаеце, чаму мне не падабаецца слова «брат»? Мяркуецца, што што б твой брат ні зрабіў, ты ня можаш на яго крыўдзіцца. Так ня можа быць. Мы маем быць сябрамі, але сябра мае заслужыць сяброўства. За шмат стагодзьдзяў разам беларусы і ўкраінцы заслужылі супольнае сяброўства. Зараз яго руйнуе Лукашэнка. Для ўкраінцаў тое, што адбылося, — вялізарны шок.

Я вельмі хацеў бы бачыць, каб як найхутчэй беларусы вызваліліся ад рэжыму Лукашэнкі. Мне падаецца (я кажу пра гэта наўпрост), што два гады таму не хапіла энэргіі і націску беларусам і беларускай апазыцыі, таму што трэба было тады зьмяніць сытуацыю, і, напэўна, той жахлівай вайны магло ня быць, і ўсё магло пайсьці зусім інакш. Але ёсьць як ёсьць. Я абсалютна веру, што Беларусь будзе вольнай, дэмакратычнай, і я хачу, каб мы разам зь Беларусьсю рухаліся ў Эўропу. Мы цяпер наперадзе. Неўзабаве станем кандыдатамі (размова адбывалася 21 чэрвеня. — РС). Калі так стане, што Ўкраіна будзе ўжо ў ЭЗ, то мы станем найлепшым адвакатам для вольнай Беларусі, каб яе прасоўваць у Эўропу, зробім для гэтага ўсё. Мы разумеем, што такое жахлівы рэжым Пуціна і што ён можа зрабіць.

«Украіна ж не падказвае, як называць вуліцы ў Беларусі»

— Зараз у Беларусі ў сацсетках ідуць гарачыя абмеркаваньні і спрэчкі з нагоды таго, што адзін твор Васіля Быкава могуць прыбраць са школьнай праграмы, абмяркоўваюцца перайменаваньні вуліц. Ці варта сварыцца праз гэта? На што важна глядзець у гэтай сытуацыі?

— Украіна пражывае вельмі складаны час, шмат чаго пераасэнсоўвае, шмат вуліц зьменяць свае назвы, шмат герояў для нас больш не героі. Але гэта наша ўнутраная справа. Украіна ж не падказвае, як называць вуліцы ў Беларусі. І цяпер, і заўтра мы гэтага ня будзем рабіць, бо мы з павагай ставімся да беларусаў і да таго, як у вас называюць вуліцы. Тое самае тычыцца Ўкраіны. Мае быць павага да нас. Мы самі вырашым, як называць нашы вуліцы і чаму вучыць у нашай школьнай праграме, а чаму не вучыць. Гэта наша сувэрэннае права. Павінна быць узаемная павага, сяброўства і супольныя інтарэсы. У нас абсалютна супольныя інтарэсы — быць вольнымі, дэмакратычнымі, быць часткай вольнага сьвету. Іншае — шлях у нікуды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG